Ці працягнуць “трэсці” бізнесменаў?
Эканаміст Барыс Жаліба распавёў, як зніжэнне актыўнасці кантралюючых органаў, паўплывае на бізнес.
Барыс Жаліба: Тое, што на вышэйшым роўні даручана кантралёрам знізіць актыўнасць праверак у дачыненні да бізнеса, крок, безумоўна, станоўчы. Пра гэтую негатыўную з’яву казалі ўжо некалькі гадоў, былі ранейшыя абяцанні скараціць колькасць праверак, але воз заставаўся на месцы. Можа быць, зараз нешта зменіцца. Але тут насцярожвае такі факт. У нас вельмі вялікі штат кантралюючых органаў. Іх патрэбна утрымліваць, а таму праверкі часам ішлі адна за адной. Яны літаральна паралізоўвалі гаспадарчую дзейнасць суб’ектаў. І вось пытанне: куды зараз падзенуцца гэтыя кантралёры? Чым будуць займацца?
РР: Ёсць рызыка, што перыяд лаяльнасці да прадстаўнікоў бізнеса з боку дзяржавы ў пэўны момант можа скончыцца?
Барыс Жаліба: Нічога нельга выключаць, але ж будзе вельмі сумна, калі зробім станоўчыя крокі, а затым пачнем рухацца ў адваротным накірунку. Час пакажа. Але ў любым выпадку апарат кантралюючых органаў трэба зараз скарачаць, калі мы ўжо вырашылі даць палёгку бізнесу. Калі захаваць штат на ранейшым узроўні – трэба даваць ім працу. Даваць працу – захаваць праверкі. Але пра скарачэнні я пакуль не чуў…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
