Ці прыслухаецца ўлада да прадпрымальнікаў?



“Пакуль не бачна, што ў чыноўнікаў ёсць жаданне глабальна вырашаць нашы праблемы”, – кажа старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка.

На нядаўнім форуме прадпрымальнікаў, які прайшоў пад эгідай рэспубліканскага аб’яднання “Перспектыва”, былі выпрацаваны шэраг прапаноў па паляпшэнні працы індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі. Ці прыслухаецца ўлада?

Анатоль Шумчанка: Пакуль улада не гатова ісці нам насустрач. Ва ўсялякім выпадку, не бачна, што ў чыноўнікаў ёсць жаданне глабальна вырашаць нашы праблемы. Мы прапаноўваем увесці патэнт, зменшыць штрафы, выступаем за адмену чыпавання абутку і верхняга адзення… Пытанняў шмат, але з намі чыноўнікі не абмяркоўваюць нават тыя новыя законапраекты, якія датычацца ІП-эшнікаў. У выніку – апошнім часам у разы скарачаецца колькасць прадпрымальнікаў. Можа чыноўнікам падабаецца такая сітуацыя, і яны наадварот радуюцца, калі ідзе скарачэнне ІП-эшнікаў? Іншага тлумачэння ў мяне няма. Бо, калі складваецца такая сітуацыя, то наадварот неабходна радыкальна падыходзіць да вырашэння праблем прадпрымальніцтва і прымаць рашэнні, якія б і на самай справе мелі значэнне для малога бізнеса.

РР: У Савет па прадпрымальніцтву з вашай арганізацыі каго-небудзь уключылі?

Анатоль Шумчанка: Напэўна, “Перспектыва” для ўладаў – гэта персона нон-грата. У савеце нас бачыць не хочуць і, напэўна, не будуць. Мабыць, баяцца, што Анатоль Шумчанка можа абнародваць затым усю ўнутраную кухню гэтага савета. А так яны не прызвычаіліся працаваць. Нашым чыноўнікам патрэбны цішыня і спакой.

РР: Але ж ідзе пэўная лібералізацыя ў дачыненні да прадыпрымальнікаў…

Анатоль Шумчанка: Калі па шчырасці, то зараз і праўда няма праверак прадпрымальнікаў, іх тавар не канфіскоўваюць. Але ж гэтая сітуацыя знаходзіцца ў падвешаным стане, і нас яна не задавальняе. Бо сёння праверак няма, а заўтра пачнуцца. Сітуацыя можа абвастрыцца ў любы момант, а ўлада можа ізноў падштурхнуць ІП-эшнікаў выйсці з пратэстамі на вуліцу, хаця “Перспектыва” прапануе кампраміс.   

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя