Ці ўступіць Беларусь у гэтым годзе ў СГА?
Эканаміст Леў Марголін распавядае пра перспектывы ўстплення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.
Беларусь можа ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю да канца года. Пра гэта паведаміў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) Уладзімір Улаховіч у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1».
На яго думку, вялікіх бар’ераў для ўступлення краіны ў СГА зараз не існуе.
Леў Марголін: Уступленне ў СГА мае для Беларусі свае плюсы. Напрыклад, заўсёды была праблема з дастаўкай беларускай прадукцыі лёгкай прамысловасці ў краіны Еўразвязу, бо апошні пастаянна ўстанаўліваў свае квоты. Маўляў, столькі можна паставіць, а больш нельга. І гэта тлумачылася тым, што Беларусь не з’яўляецца краінай з рынкавай эканомікай і не з’яўляецца сябрам СГА. З уступленнем у арганізацыю праблема вырашыцца.
РР: Да канца году рэальна ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю?
Леў Марголін: Паколькі Беларусь – гэта не краіна з нейкай вялізнай эканомікай, то працэдура ўступлення можа і не зацягнуцца. Няма ў нас вялікіх праціўнікаў, каб Беларусь там не апынулася. Іншая справа, ці ёсць для гэтага жаданне з беларускага боку. Калі яно ёсць, калі ўлады будуць жвава праводзіць кансультацыі, то абсалютна рэальна паспець уступіць у СГА і да канца году.
РР: Ці бачыце вы мінусы ў далучэнні да СГА?
Леў Марголін: Зараз казаць пра гэта не даводзіцца, бо Расея ўжо даўно з’яўляецца сябрам арганізацыі, а мы з Расеяй знаходзімся ў адным эканамічным саюзе. Таму Беларусь атрымала мінусы ўжо пасля ўступлення Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, бо іншыя краіны маглі супраць нас прымаць нейкія дзеянні, а мы нічога адказаць не маглі. Таму асаблівых мінусаў я наогул не бачу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя