Ці выходзіць беларуская эканоміка з рэцэсіі?



Эканаміст Леў Марголін распавёў пра сёняшні стан беларускай эканомікі і яе перспектывы.

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякаў заявіў, што беларуская эканоміка выходзіць з рэцэсіі. Ці не занадта аптымістычныя словы прагучалі з вуснаў чыноўніка?

Леў Марголін: Калі аналізаваць заяву Кабякова, то трэба ўдакладніць, куды выходзіць наша эканоміка. Калі яна выходзіць з рэцэсіі ў стагнацыю, то можа прэм’ер і маю рацыю. Але пра рост эканомікі казаць пакуль нават не даводзіцца, бо тое, што УВП за студзень-сакавік гэтага года вырас на 0,3 адсоткі, гэта ні пра што. Калі ўжо казаць пра нейкую станоўчую дынаміку, то яна павінна быць не цягам аднаго квартала, а хаця б года. І, па-другое, рост УВП павінен быць больш чым на 1 адсотак, вось тады можна казаць пра выхад з рэцэсіі.

РР: За два мінулыя гады ў Беларусі назіралася наогул падзенне УВП прыкладна на 7 адсоткаў…

Леў Марголін: Вось я і кажу, што хваліцца ростам на 0,3 адсоткі – гэта проста смех. Нават калі гэта рост, то да сапраўдных вынікаў яшчэ як да Луны.

РР: На каго тады разлічаны такія аптымістычныя заявы?

Леў Марголін: На свайго працадаўцу. Бо, калі Кабякоў не будзе рабіць аптымістычныя заявы, то яму могуць сказаць: “А што ты тут робіш? Саступі месца іншаму”.

РР: Ці можна спадзявацца, што беларуская эканоміка ўсё-такі пачне выходзіць бліжэйшым часам з крызісу?

Леў Марголін: Я б такіх прадказанняў не рабіў, бо ёсць некаторыя ўскосныя паказчыкі. Напрыклад, дэбіторская і крэдыторская запазычанасць. Калі б былі сапраўды нейкія прыкметы аздараўлення, то мы б убачылі скарачэнне гэтай запазычанасці. Але ж прадпрыемствы закупляюць сыравіну, робяць нейкую прадукцыю, але не могуць яе прадаць. А значыцца не могуць і сыравіну закупіць. Пра якое аздараўленне можна казаць у такой сітуацыі?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]