Ці вырастуць пенсіі?



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук прагназуе, ці магчыма ў бліжэйшчы час чакаць падвышэння пенсій.

Напрыканцы мінулага году дэпутаты абяцалі, што ў 2017-м годзе працоўныя пенсіі вырастуць двойчы, і кожны раз на 5 – 6%.

Аляксандр Ярашук: Думаю, што нейкія захады ў гэтым накірунку ўлада будзе ажыццяўляць, каб наогул не страціць давер свайго асноўнага электарата. Іншая справа, што гэта будуць касметычныя захады, якія нічога не вырашаюць. Няма ў бюджэце сродкаў на пенсіі. Таму нават падвышэнне на 5-6 адсоткаў – гэта простая фармальнасць, а не рэальнае паляпшэння ўзроўню жыцця пенсіянераў. Чыноўнікі адзначацца, паставяць птушачку, што пенсіі паднялі – і ўсё. А ў рэальным вылічэнні тыя пенсіі, магчыма, нават знізяцца.

РР: Пенсію падымуць на 15 рублёў, а кошты вырастуць у разы?

Аляксандр Ярашук: Менавіта так і ёсць. Іфляцыя працягваецца, кошты ў крамах растуць, з кожным месяцам усё больш трэба плаціць за “камуналку”. Таму ўлады праводзяць нейкія маніпуляцыі, паказваюць, што яны быццам бы нешта робяць для паляпшэння жыцця людзей, але гэта пачынае ўжо выклікаць раздражненне нават у тых жа пенсіянераў. Бо любое падвышэнне ў момант паглынаецца коштамі на харчаванне і розныя паслугі.

РР: Ці будзе нейкая палёгка для бюджэта ад падвышэння пенсійнага ўзросту?

Аляксандр Ярашук: Падвышэнне пенсійнага ўзросту не вырашае саму праблему пенсійнага забеспячэння. Сёння дэмаграфія такая, што да 2023 году ізноў трэба будзе падвышаць гэты ўзрост, бо ўсю пенсійную рэформу звялі да гэтага. Але ж падвышэнне пенсійнага ўзросту – гэта толькі адна частка (і не самая важная) рэформы. Найперш трэба рэфармаваць саму сістэму, уводзіць накапляльную частку. Але ж гэта не робіцца. А падвышэнне пенсійнага ўзросту – гэта проста сякера пад лавай. Яно нічога не вырашае, а яшчэ больш заганяе краіну ў кут.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя