Ці зацікавяць беларусаў новыя крэдыты на будаўніцтва жылля?



Эканаміст Барыс Жаліба пракаментаваў рашэнне «Беларусбанка» выдаваць крэдыты на будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай пад 12% гадавых.

Як паведамляецца, такія крэдыты выдзяляюцца грамадзянам, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, на будаўніцтва жылых памяшканняў тэрмінам карыстання да 15 гадоў. Працэнтная стаўка па крэдыце ў адпаведнасці з дзейнымі ўмовамі — 12% гадавых (працэнтная стаўка, устаноўленая банкам для крэдытаў на нерухомасць, паменшаная на 50% стаўкі рэфінансавання Нацбанка).

Барыс Жаліба: Лепшыя гады для беларусаў ужо прайшлі, а сітуацыя ў беларускай эканоміцы сёння зусім сумная. Таму, як мне падаецца, новыя крэдыты на будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай – гэта больш спроба ўладаў падбадзёрыць людзей, бо іх ужо амаль ніхто не хоча браць пад тыя адсоткі, што прапануюць. Калі ў народа былі больш-менш прыстойныя заробкі, крэдыты былі папулярнымі, але ж зараз рэальныя заробкі моцна знізіліся, і многія проста не ў стане затым выплочваць крэдыт. Як бачым, насельніцтва даволі актыўна пазбаўляецца ад валютных зберажэнняў, з пачатку году чыстая купля ўвогуле складае каля 2 мільярдаў даляраў.

РР: Але ці будуць браць крэдыт пад 12 адсоткаў? 

Барыс Жаліба: Будуць, але значна менш, чым раней. У мінулыя часы некаторыя нават падраблялі даведкі, каб пабудаваць кватэру і ўзяць крэдыт, але зараз сітуацыя кардынальным чынам змянілася. Людзей найперш клапоціць, як пражыць і пракарміць сям’ю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя