Ці знізіцца інфляцыя да 5 адсоткаў?



Экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч ацаніў тэмпы інфляцыі ў краіне.

За студзень-ліпень 2016 года інфляцыя ў Беларусі склала 7,8%. Згодна з нядаўнім прагнозам ЕАБР, гадавая інфляцыя ў Беларусі складзе 12,6%, да 2020 года ўрад плануе знізіць інфляцыю да 5%.

Станіслаў Багданкевіч: На мой погляд, 12,6 адсоткаў інфляцыі да канца гэтага года – крыху аптымістычныя прагнозы. Па маіх ацэнках, яна складзе каля 15 адсоткаў. Але ў той жа час трэба адзначыць, што пэўная стабілізацыя на спажывецкім рынку ўсё ж адбываецца. І я гэта звязваю з тым, што рэальныя прыбыткі насельніцтва зніжаюцца – цэны падвышаюцца, а заробкі і пенсіі не растуць такімі ж тэмпамі.

РР: На ваш погляд, ці здолее Нацбанк захаваць больш-менш жорсткую грашова-крэдытную палітыку?

Станіслаў Багданкевіч: Думаю, можа, бо сёння нішто не ўказвае на тое, каб нешта змянілася ў іншы бок. Зніжэнне стаўкі рэфінансаванне ў межах стандартаў, якія дапускаюцца. Не бачу вялікіх праблем у гэтай частцы.

РР: Да 2020 года ўрад плануе знізіць інфляцыю да 5%. Ці не занадта аптымістычныя гэтыя планы?

Станіслаў Багданкевіч: Магчымасці зніжэння інфляцыі ёсць. Калі грашовая маса будзе пад кантролем і калі пачнецца ажыўленне эканомікі (а да 2020 года яно, па вялікім рахунку, і павінна пачацца), то Нацбанк з урадам могуць дасягнуць такой лічбы. У рэшце рэшт, усё будзе залежыць ад іх саміх.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]