Ці знізяць падатак на дададзеную вартасць?



Экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавядае пра магчымасць зніжэння стаўкі падатку на дададзеную вартасць.

Намеснік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая паведаміла, што ў бліжэйшыя тры гады ў Беларусі можа быць зніжана стаўка падатку на дададзены кошт. Па яе словах, зараз ведамства шукае рэзервы для зніжэння стаўкі.

Станіслаў Багданкевіч: У Беларусі падатак на дададзеную вартасць вышэйшы, чым, напрыклад, суседніх краінах. У нас стаўка складае 20 адсоткаў, у Расеі – 18, а ў Казахстане – 12. Таму для таго, каб зраўняць канкурэнцыю ў любым выпадку варта змяншаць гэты падатак, бо ён уваходзіць у кошт тавара.

РР: За кошт чаго могуць знізіць яго? Наколькі вядома, падатак на дададзеную вартасць складае большую частку паступленняў у бюджэт…

Станіслаў Багданкевіч: Падатак зніжаецца ў першую чаргу за кошт зніжэння выдаткаў. А бюракратаў у нашых дзяржаўных структурах хапае, якіх можна без аніякага ўрону для агульнай справы скараціць. Паглядзіце, колькі грошай у нас траціцца на ўтрыманне чыноўнікаў, сілавікоў, стратных прадпрыемстваў і такой жа сельскай гаспадаркі. Таму пры жаданні ўсё можна зрабіць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя