Цуды беларускай генетыкі
Беларускія вучоныя выводзяць бульбу, устойлівую да каларадскага жука, і трансгенных козаў, чыё малако блізкае па складзе да жаночага. Ці трапяць гэтыя інавацыі ў шырокі ўжытак? Што тычыцца бульбы, то падчас даследаванняў пакуль не выяўлена ніякіх адмоўных вынікаў. Гаворыць дырэктарка Інстытуту генетыкі й цыталогіі Акадэміі навук Беларусі Валянціна Лемеш:
– Трансгенная бульба атрымана для навуковых даследаванняў. Канешне, было б вельмі перспектыўна атрымаць генетычна мадыфікаваную лінію са 100% устойлівасцю да каларадскага жука. Але гэты працэс вельмі дарагі. Стварэнне аднаго трансгеннага сорта, па некаторых дадзеных, каштуе больш за мільярд даляраў.
Што тычыцца трансгенных козаў, то гэта сумесны беларуска-расейскі праект. Статак зараз налічвае 200 галоў. Распавядае намесьніца дырэктара Інстытута генетыкі Алена Гузенка:
– Дадзеныя жывёльныя арганізмы знаходзяцца ў закрытых умовах. Працы пакуль не завершаныя. Канчатковым прадуктам могуць стаць біялагічныя дадаткі ў ежу, фармацэўтычныя прэпараты. Гэта адзіны трансгенны жывёльны арганізм, які ёсць у Рэспубліцы Беларусь.
Дадамо, што напярэдадні ў беларускіх і расейскіх выканаўцаў праекту па трансгенных козах узніклі прэтэнзіі наконт патэнтавання асобных распрацовак.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота sb.by
