У 2017 годзе аб’ём жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі знізіўся на 11,5%



У 2017 годзе ў Беларусі арганізацыямі ўсіх форм уласнасці пабудавана 43,1 тыс. новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 3 млн 792,5 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, на 11,5% менш, чым у 2016 годзе.

Паводле звестак Белстата, у снежні пабудавана 460,2 тыс. кв. м, на 1,6% больш, чым у снежні 2016 года, і на 63,4% больш, чым у лістападзе 2017-га.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 1 млн 238,3 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 32,7% ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, пабудавана: з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі — 587,9 тыс. кв. м (на 15,6% менш, чым у 2016 годзе), у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 659,1 тыс. кв. м.

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 1 млн 109,8 тыс. кв. м агульнай плошчы.

У 2016 годзе ўведзена ў эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання 4 млн 285,7 тыс. кв. м жылля — на 15,2% менш у параўнанні з 2015 годам.

У 2017 годзе было запланавана пабудаваць 3,5 млн. кв. м жылля. Такім чынам план перавыкананы на 8,4%.

Заданне на 2018 год па ўводзе ў эксплуатацыю жылых памяшканняў устаноўлена на ўзроўні 4 млн кв. м. Для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, у шматкватэрных дамах у гарадах запланавана пабудаваць 587 тыс. кв. м, з дзяржпадтрымкай — 900 тыс. кв. м.

Сацыяльнага жылля плануецца пабудаваць 679 тыс. кв. м (аб’ём фінансавання — 37 млн 405 тыс. рублёў), для шматдзетных сем’яў — 562,6 тыс. кв. м (410 млн 360 тыс.), індывідуальных жылых дамоў — 1 млн 484 тыс. кв. м (1 млрд 312 млн 460 тыс. рублёў). У гарадах-спадарожніках плануецца пабудаваць 28,7 тыс. кв. м.

Фінансаванне ў 2018 годзе будаўніцтва жылля запланавана на ўзроўні 4 млрд 259 млн рублёў, у тым ліку: са сродкаў рэспубліканскага бюджэту — 29,47 млн, мясцовых бюджэтаў — 11,472 млн. Крэдытныя рэсурсы складуць 645,83 млн, з іх льготныя — 119,83 млн. Сродкаў насельніцтва плануецца прыцягнуць 3 млрд 32,6 млн рублёў, арганізацый — 439,63 млн.