Летась у банках Беларусі выявілі больш за 1.000 фальшывых банкнотаў



У 2017 годзе ў Беларусі банкаўскія работнікі выявілі 1.034 падробленыя грашовыя знакі, з якіх 1.030 — падробленыя банкноты, 4 — падробленыя манеты, гаворыцца ў лісце Нацбанка, які атрымалі камерцыйныя банкі.

У параўнанні з 2016 годам агульная колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў зменшылася на 8,4%. Фальшывыя грошы былі выключаныя з абароту ў 46 населеных пунктах краіны.

„Асноўную колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў традыцыйна склалі долары ЗША — 47,6%. Доля падробленых расейскіх рублёў склала 32,9%, падробленых еўра — 14,8%. Па-ранейшаму не часта выяўляліся падробленыя беларускія рублі, іх доля склала 4,2%”, — паведамляе Нацбанк.

Згодна са звесткамі Нацбанка, як і ў 2016 годзе, у 2017-м сярод падробленых долараў ЗША значна пераважалі банкноты наміналам 100 долараў — 91,3%. Падробленыя банкноты наміналам 50 долараў занялі долю ў 5,7%, 20 долараў — 2,2%.

З ліку выяўленых падробленых долараў ЗША 15 банкнот адносіліся да катэгорыі частковых падробак (2016 год — 23 штукі).

„Гэтыя падробкі вырабленыя з сапраўдных банкнот наміналам 1, 5 і 20 долараў ЗША, на якіх зробленыя змены асноўных літарна-лічбавых малюнкаў на больш высокія наміналы: у 10 долараў — 2 банкноты, 20 долараў — 1 банкнота, 50 долараў — 9 банкнот, 100 долараў — 3 банкноты”, — паведамляе Нацбанк.

Да катэгорыі суперпадробак аднесеныя 16 банкнот наміналам 100 долараў ЗША.

У 2017 годзе ў банкаўскай сістэме былі выяўленыя 43 падробленыя банкноты беларускіх рублёў, з якіх 23 — узору 2009 года, 20 — узору 2000 года. Усе выяўленыя падробленыя беларускія рублі былі вырабленыя без імітацыі элементаў аховы.

Як адзначае Нацбанк, ацэнка выкарыстаных спосабаў выяўлення малюнкаў падробленых банкнот сведчыць, што 85% падробленых долараў ЗША і 76% падробленых еўра вырабленыя з выкарыстаннем паліграфічных тэхналогій.

„Для выяўлення малюнкаў астатніх падробленых долараў ЗША і еўра, а таксама падробленых беларускіх і расейскіх рублёў былі выкарыстаныя тэхналогіі рэпраграфіі — прынтарныя прылады (струменны друк і электрафатаграфія)”, — паведамляе Нацбанк.

belapan.by

[manual_related_posts]