У 2019 годзе ў Мінюст паступіла 100 скаргаў на рыэлтарскія арганізацыі



У 2019 годзе ў Міністэрства юстыцыі паступіла 100 скаргаў грамадзян і юрыдычных асоб на рыэлтарскія арганізацыі, паведамляе ведамства.

Паводле дадзеных Мінюста, работы па ліквідацыі недахопаў на рынку рыэлтарскіх паслуг прыводзяць да скарачэння колькасці скаргаў. Калі ў 2016 годзе ў Міністэрства юстыцыі паступіла 154 звароты, у 2017 годзе — 130, то у 2018 годзе — 102, у 2019 годзе — 100.

„Варта адзначыць, што такі вынік звязаны і з правядзеннем міністэрствам штодня гарачай лініі, звярнуўшыся на якую грамадзяне атрымліваюць неабходныя тлумачэнні. Так, часта ўрэгуляванне ўзніклага пытання (спрэчкі) паміж спажыўцом і рыэлтарскай арганізацыяй адбываецца менавіта падчас такога звароту”, — паведамляе Мінюст.

Разам з тым, адзначае ведамства, скаргі спажыўцоў на агенцтвы, якія прапаноўваюць сваю дапамогу ў пошуку здымнага жылля, носяць пастаянны характар. „Сутнасць скаргаў зводзіцца да аднаго: за грошы, прычым немалыя, спажывец замест кватэры атрымлівае недакладную інфармацыю”, — гаворыцца ў паведамленні. Пры гэтым, адзначаюць у міністэрстве, для ўстанаўлення яе недакладнасці „грамадзянам даводзіцца марнаваць немалы час”.

„Міністэрствам завершаны праверкі па скаргах, якія паступілі на адну з такіх арганізацый: ТАА „Гатовыя рашэнні”. Устаноўлена, што рэклама аб’ектаў нерухомасці работнікамі гэтай арганізацыі размяшчалася з парушэннем патрабаванняў заканадаўства. Прадстаўленая спажыўцу ў рамках заключанай з ім дамовы інфармацыя аб прапанаваных да найму аб’ектах з’яўлялася недакладнай”, — паведамляе Мінюст.

Для павышэння прававой дасведчанасці спажыўцоў міністэрства тлумачыць асноўныя правілы аказання рыэлтарскіх паслуг па найме жылля.

Так, паведамляе ведамства, у рэкламе аб’екта нерухомасці, які прапаноўваецца рыэлтарскай арганізацыяй, абавязкова павінна быць пазначана яе назва. „Праверыць, ці з’яўляецца названая ў рэкламе арганізацыя рыэлтарскай, можна з дапамогай размешчанага на партале Міністэрства юстыцыі рэестра. Калі ў рэестры арганізацыя адсутнічае, у рэкламе не пазначана яе назва або аб’ект зусім рэкламуецца ад імя ўласніка, а ў выніку спажывец мае справу з нейкім пасрэднікам, — такую рэкламу лепш абысці бокам”, — гаворыцца ў рэкамендацыях Мінюста.

Пасля заключэння дамовы са спажыўцом ад імя рыэлтарскай арганізацыі павінен працаваць толькі рыэлтар і агент па аперацыях з нерухомасцю. „Дыспетчар, менеджар, іншыя спецыялісты такога права пазбаўленыя. Дакументам, які сведчыць права рыэлтара або агента на аказанне рыэлтарскіх паслуг, з’яўляецца ідэнтыфікацыйная пластыкавая картка, якая павінна прад’яўляцца па патрабаванні спажыўца… Аказанне паслуг без такой карткі забаронена”, — паведамляе Мінюст.

Ведамства рэкамендуе ў абавязковым парадку патрабаваць выдачу дакумента, што пацвярджае ўнясенне платы за паслугі. „Захаванне гэтых правілаў дапаможа спажыўцам абараніць свае правы і законныя інтарэсы, абцяжарыць доступ да аказання рыэлтарскіх паслуг асоб, якія працуюць нядобрасумленна”, — рэзюмуе Мінюст.

belapan.by