У 2020 годзе Расея паставіць у Беларусь 24 млн тон нафты



Расея паставіць у Беларусь у 2020 годзе 24 млн тон нафты, паведамляе канцэрн „Белнафтахім”. Гэта прадугледжана ўзгодненым бакамі індыкатыўным балансам паставак, пра падпісанне якога паведамлялася ў пачатку мінулага тыдня.

Як паведамляе на сваім сайце „Белнафтахім”, у адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Расеі ў баланс могуць уносіцца змены да 15 лістапада 2020 года.

Згодна з дамоўленасцямі на бягучы год Беларусь атрымлівае з Расеі для перапрацоўкі на НПЗ 18 млн тон нафты. Яшчэ 6 млн тон нафты „пермамытнёўваецца”, а пошліны з гэтага аб`ёму ідуць у беларускі бюджэт. Такая схема была ўзгодненая бакамі ў красавіку 2017 года, каб кампенсаваць высокія цэны на газ для Беларусі. Дамоўленасць заканчваецца сёлета.

У беларускім бюджэце на наступны год закладзеныя страты ў 951 млн рублёў (423,6 млн долараў) ад „спынення тэрміну дзеяння дамоўленасцяў з Расейскай Федэрацыяй у нафтагазавай сферы”. У пачатку лістапада гэтага года намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў паведаміў у Палаце прадстаўнікоў, што дамоўленасць з Расеяй аб працягу „перамытнёўкі” пакуль не дасягнутая.

Расея звязвае вырашэнне пытанняў у нафтагазавай сферы з паглыбленнем эканамічнай інтэграцыі паміж краінамі. Менск настойвае на кампенсацыі за падатковы манеўр, а таксама на зніжэнні цаны на газ да ўнутрырасейскай.

belapan.by