У 2020 годзе ў бюджэтнай сферы ўводзіцца 18-разрадная тарыфная сетка



З 1 студзеня 2020 года ўстанаўліваецца раўнамерная дыферэнцыяцыя тарыфных ставак (акладаў) работнікаў бюджэтнай сферы за кошт увядзення 18-разраднай тарыфнай сеткі замест 27-разраднай з розніцай паміж каэфіцыентамі не меншай за 6%. Гэта прадугледжвае ўказ № 27 „Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый”, які падпісаў 18 студзеня Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба кіраўніка краіны.

Павялічваецца ўдзельная вага тарыфнай (пастаяннай) часткі ў складзе заработнай платы бюджэтнікаў. Для гэтага замест тарыфнай стаўкі 1-га разраду будзе прымяняцца базавая стаўка.

Указам прадугледжана ўніфікацыя структуры зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы. У яе складзе будуць аклад, стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты. Упарадкуюцца выплаты, звязаныя з галіновай спецыфікай.

Пры ўвядзенні новых умоў аплаты працы не дапускаецца зніжэнне наяўнага ўзроўню заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый.

Лукашэнка падпісаў таксама дэкрэт № 1, які карэктуе дэкрэт ад 26 лiпеня 1999 года № 29 „Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны” з улікам прадугледжаных ва ўказе змяненняў у структуры зарплаты работнікаў бюджэтных арганізацый.

belapan.by