У 2020 тэмпы спажывецкага крэдытавання былі мінімальныя за пяць гадоў



У 2020 годзе прырост крэдытаў, выдадзеных насельніцтву на спажывецкія патрэбы, апынуўся мінімальным за апошнія пяць гадоў, сведчаць гадавыя звесткі Нацыянальнага банка.

На пачатак 2021 года запазычанасць насельніцтва перад банкамі па спажывецкіх крэдытах склала 5.551,9 млн рублёў і павялічылася за мінулы год на 1,3%.

У 2019 годзе аб’ём выдадзеных спажывецкіх крэдытаў вырас на 25%, у 2018 годзе — на 45,7%, у 2017-м — на 75%, у 2016-м — на 3,5%.

Такім чынам, у 2020 годзе прырост спажывецкага крэдытавання ў Беларусі быў найменшы за апошнія пяць гадоў.

Летась дынаміка спажывецкага крэдытавання мела нераўнамерны характар. Так, у першым квартале на фоне росту курсу долара і ўзмацнення дэвальвацыйных чаканняў запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах вырасла на 6,5% да 5.838,7 млн рублёў на 1 красавіка.

За другі квартал (на фоне стабілізацыі курсаў замежных валют і скарачэння ўнутранага попыту, выкліканага пандэміяй) запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах знізілася на 2,3% да 5.704 млн долараў.

Аднавіўся рост спажывецкага крэдытавання ў ліпені і паскорыўся ў жніўні. За ліпень—жнівень запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах вырасла на 3,2%. Прадстаўнікі банкаўскага сектара ў прыватных гутарках паведамілі, што павелічэнне попыту на спажывецкія крэдыты ў ліпені—жніўні было звязанае з ростам дэвальвацыйных чаканняў насельніцтва на фоне прэзідэнцкіх выбараў.

Для зніжэння націску на валютны рынак, які ўзнік у жніўні з-за павышанага попыту насельніцтва на рублёвыя крэдыты, Нацбанк абмежаваў даванне рублёвых рэсурсаў камерцыйным банкам у межах пастаянна даступных інструментаў падтрымкі ліквіднасці. Гэта прывяло да павышэння працэнтных ставак па спажывецкіх крэдытах і да скарачэння аб’ёмаў іх выдачы.

За верасень—снежань запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах знізілася на 332 млн рублёў, або на 5,6%.

belapan.by