У банкаўскай сферы Беларусі за год зафіксавана звыш 2.700 злачынстваў



У банкаўскай сферы Беларусі ў 2016 годзе было зарэгістравана 2.729 злачынстваў, што на 3% больш, чым годам раней. Такія дадзеныя прыводзяцца ў падрыхтаваным Нацыянальным банкам аглядзе злачынстваў, учыненых на аб’ектах банкаўскай сістэмы.

У аглядзе паведамляецца, што найбольшая колькасць злачынстваў у банкаўскай сферы зарэгістравана ў Мінску (1.156), у Гомельскай вобласці (372) і Брэсцкай вобласці (300). Найменшая колькасць — у Гродзенскай вобласці (168).

„Аналіз зарэгістраваных злачынстваў, учыненых на аб’ектах банкаўскай сістэмы ў 2016 годзе, паказвае, што па-ранейшаму найбольш распаўсюджанымі злачынствамі з’яўляюцца крадзяжы шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі”, — гаворыцца ў аглядзе Нацбанка. За мінулы год колькасць такіх злачынстваў склала 1.057, ці 38,7% ад агульнай колькасці выяўленых правапарушэнняў. У параўнанні з 2015 годам іх колькасць знізілася на 9,1%.

На другім месцы па колькасці выяўленых інцыдэнтаў — злачынствы, звязаныя са збытам фальшывых грошай і іншых каштоўных папер. У 2016 годзе было выяўлена амаль 900 такіх правапарушэнняў (на 9% больш у параўнанні з 2015-м).

Пры гэтым колькасць супрацьпраўных дзеянняў, звязаных з падробкай, вырабам, выкарыстаннем альбо збытам падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў, у 2016 годзе скарацілася на 30,3% — да 201.

У той жа час колькасць выпадкаў махлярства ў банкаўскай сферы ў 2016 годзе павялічылася на 65,6% — былі выяўлены 333 такія злачынствы. Таксама за мінулы год істотна (на 40,3%) вырасла колькасць фактаў (94) вымантачвання ў банкаў крэдытаў. Для іх атрымання кіраўнікі юрыдычных асоб падавалі падробленыя дакументы, якія сведчылі аб здавальняючым фінансавым становішчы суб’ектаў гаспадарання.

Нацбанк таксама паведамляе, што выпадкі ўчынення рабаўніцтва ці разбойных нападаў на аб’екты банкаўскай інфраструктуры з’яўляюцца адзінкавымі.

„Выпадкі, калі супрацоўнікі банка або асобы, якія знаходзяцца звонку, спрабуюць красці грошы, — адзінкавыя і вялікай шкоды фінансавым арганізацыям не нясуць. Страты, звязаныя з такімі злачынствамі, нязначныя у дачыненні да банкаўскага прыбытку”, — растлумачыў член праўлення аднаго з банкаў.

На яго думку, сур’ёзным выклікам для фінансавых устаноў з’яўляюцца анлайн-злачынствы, калі зламыснікі спрабуюць завалодаць грашовымі сродкамі, выкарыстоўваючы аддалены доступ — камп’ютарную тэхніку і інтэрнэт.

„Разнастайныя варыянты кібератак пакуль не пацягнулі для банкаў неперажывальных наступстваў, аднак патэнцыйны ўрон, звязаны з гэтым, можа быць вялікім. Гэтыя злачынствы сапраўды з’яўляюцца сур’ёзнай пагрозай для фінансавых інстытутаў”, — паведаміў топ-менеджар аднаго з банкаў.

Таму, дадаў ён, фінансавыя ўстановы інвестуюць сёння шмат рэсурсаў у інфармацыйную бяспеку. „Гаворка ідзе аб выдатках ў сотні тысяч, якія даходзяць да мільёна долараў”, — расказаў суразмоўца.

БелаПАН