У Барысаве ўлады хочуць вынесці рынкі за межы горада



Мясцовыя ўлады Барысава плануюць перанос рынкаў за гарадскую рысу. Старшыня Барысаўскага выканкама Генадзь Дзенгалёў месцам пераносу разглядае раён Вуглы, які знаходзіцца далёка ад цэнтру Барысава каля могілак. Аднак прадпрымальнікі і цяпер скардзяцца на адсутнасць пакупнікоў, а ўжо на ўскраіны горада дакладна ніхто з людзей не паедзе, перакананыя яны.

Адзін з прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў кажа, што падобныя планы ўладаў знішчаць сотні малых прадпрыемстваў:

– Чалавек пачынае сваю працу разглядам пераносу ўсіх рынкаў за межы горада. Людзі па 15-20 гадоў стваралі свой невялікі бізнес. А гэта тысячы прадпрымальнікаў… Перадусім, гэта стадыён – у нас там гандлёвы рынак, які ў цэнтры горада знаходзіцца. Дзенгалёў кажа, што трэба прыбіраць стадыён кудысьці за межы горада. І зараз скажуць, даваце будуйцеся па-новаму, збудаваліся тут, а цяпер па-новаму ў іншым месцы.

Новыя барысаўскія ўлады ўжо распачалі ціск на прадпрымальнікаў і не збіраюцца змяняць свае планы. У прыватнасці на рынку, які знаходзіцца на Гарадскім стадыёне, з ІП не падаўжаюць дамовы на арэнду месцаў.

Беларускае Радыё Рацыя