У Барысаве запусцілі вытворчасць павышанай забруджанасці



Як паведамляе прэс-служба ўрада, вытворчасць адкрытая на ААТ „Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў” (БЗПВ) і штогод будзе перапрацоўваць каля 6,5 тысяч тон палімерных адходаў падвышанай забруджанасці.

Ва ўрачыстым пуску тэхналагічнага абсталявання, які прайшоў 1 чэрвеня, узяў удзел намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін.

Як зазначыў Калінін, да запуску новай вытворчасці каля 70% у сабекошце прадукцыі БЗПВ, які выпускае палімерныя трубы, плёнку і пластмасавыя кантэйнеры, займала імпартная сыравіна. „Цяпер для патрэб уласнай вытворчасці прадпрыемства будзе вырабляць палімерныя гранулы, што кажа пра сур’ёзны крок у імпартазамяшчэнні. Гэта дазволіць знізіць кошт гатовай прадукцыі, падвысіць рэнтабельнасць і эфектыўнасць вытворчасці. Прадпрыемства і цяпер працуе даволі паспяхова з рэнтабельнасцю 5%. З улікам уведзенай лініі рэнтабельнасць плануецца падвысіць да 8%”, — сказаў намеснік прэм’ер-міністра.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, для рэалізацыі гэтага інвестпраекта было набыта і ўстаноўлена абсталяванне па перапрацоўцы другасных палімерных адходаў павышанай забруджанасці ў выглядзе плёнкавых адходаў, мяшкоў, біг-бэгаў, кускавых другасных палімерных адходаў. „Канчатковы прадукт — рэгранулят — плануецца выкарыстоўваць для паўторнага ўласнага спажывання пры вытворчасці вырабаў метадам ліцця пад ціскам і экструзіі. Выкарыстанне рэгрануляту пры вытворчасці трубавай прадукцыі, плёнкі і іншых тавараў дазволіць знізіць яе сабекошт на 10-15%, што ў цэлым падвысіць канкурэнтаздольнасць на рынку і забяспечыць паляпшэнне фінансава-эканамічных паказчыкаў прадпрыемства”, — адзначылі ў прэс-службе.

Таксама паведамляецца, што агульны аб’ём фінансавання па праекце перавысіў 6,5 млн рублёў. Крыніцамі сталі ўласныя сродкі БЗПВ, а таксама ДУ „Аператар другасных рэсурсаў” і цэнтралізаванага фонду холдынгу „Белрэсурсы”. Тэрмін акупнасці праекта складае каля шасці гадоў.

Паводле БелаПАН