МПЗ: 84% плацельшчыкаў выбіраюць электронны спосаб узаемадзеяння
У Беларусі 84% плацельшчыкаў выбіраюць электронны спосаб узаемадзеяння з падатковымі органамі, паведаміў 28 снежня на анлайн-прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця падатковых органаў Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Шкут.
„Асноўная наша задача, каб нашы плацельшчыкі пераходзілі на электроннае ўзаемадзеянне з падатковымі органамі. На сёння 84,1% плацельшчыкаў выкарыстоўваюць электроннае ўзаемадзеянне з падатковымі органамі. Калі паглядзець па суб’ектным складзе, то 88% — гэта арганізацыі і 82,2% — індывідуальныя прадпрымальнікі”, — распавёў прадстаўнік МПЗ.
Паводле яго слоў, плацельшчык можа скарыстацца як адкрытымі электроннымі сэрвісамі, так і непасрэдна асабістым кабінетам плацельшчыка як арганізацыі, фізічнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка.
„У гэтым годзе, да прыкладу, падача дэкларацый праз асабісты кабінет ажыццяўлялася больш за 215,4 тысячы разоў, падача заяўкі на дакументы — 1,5 млн разоў”, — сказаў Шкут.
„У 2020 годзе мы пашырылі пералік звестак, якія арганізацыі і ІП, што валодаюць ключом з электронна-лічбавым подпісам, могуць накіраваць у падатковы орган у электронным выглядзе. Сярод іх — апавяшчэнне аб выкарыстанні спрошчанай сістэмы падаткаабкладання або аб адмове ад яе прымянення”, — адзначыў прадстаўнік МПЗ.
Паводле яго слоў, у першай палове 2021 года будзе рэалізаваны новы сэрвіс, калі ў мабільным дадатку, выкарыстоўваючы базу пытанняў і адказаў, можна будзе запоўніць дэкларацыю па падаходным падатку і па адзіным падатку для асобных катэгорый ІП.
„Акрамя таго, у 2021 годзе плацельшчыкам, якія запаўняюць кнігу ўліку расходаў і даходаў, мы прапануем яе вядзенне ў анлайн-рэжыме ў асабістым кабінеце на сайце МПЗ. Для тых, хто скарыстаецца гэтым сэрвісам, падатковы орган будзе самастойна за плацельшчыка фарміраваць дэкларацыю з улікам наяўных звестак. Плацельшчыкам застанецца толькі азнаёміцца з імі і падпісаць. Плануецца, што ў далейшым, калі сэрвіс стане актуальным, то падатковы орган будзе падаваць дэкларацыю за плацельшчыкаў”, — распавёў Шкут.
Паводле яго слоў, у наступным годзе плануецца ўкараніць на партале МПЗ сэрвіс „Віртуальны памочнік” — чат-бот, які будзе дапамагаць плацельшчыкам у прадастаўленні звестак даведачна-інфармацыйнага характару па сайце падатковых органаў. Акрамя гэтага плануецца ўкараніць інтэрактыўны навучальны рэсурс „Школа падаткаплацельшчыка”.
