У Беларусі будзе рэгламентаваная здабыча бурштыну і моранага дубу
Мінпрыроды падрыхтавала праект указа прэзідэнта аб рэгламентацыі здабычы бурштыну і моранага дубу, паведаміў 19 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель.
Паводле яго слоў, дакументам, які ўжо накіраваны на ўзгадненне „ў адпаведныя дзяржорганы”, будуць устаноўленыя нормы здабычы бурштыну ў непрамысловых аб’ёмах.
„У гэтым указе мы таксама паспрабуем адрэгуляваць пытанні здабычы моранага дубу. Ёсць запасы, гэта досыць дарагі матэрыял, і, безумоўна, цікавасць у некаторых суб’ектаў гаспадарання ўзяць яго ў абарот”, — паведаміў намеснік міністра. Ён выказаў надзею, што ўказ да канца года будзе падпісаны. „Гэта дасць магчымасць уключыць у гаспадарчы абарот гэтыя рэсурсы”, — падкрэсліў намеснік міністра.
Радовішча бурштыну выяўленае ў Жабінкаўскім раёне Берасцейскай вобласці. 29 сакавіка 2017 года міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута паведаміў, што плануецца яго пробная эксплуатацыя. Чыноўнік адзначыў, што бурштын для Беларусі адзін з „новых рэсурсаў, які падлягае асваенню”. Падчас выпрабавальнай эксплуатацыі радовішча, якая папярэднічае этапу паўнавартаснай прамысловай здабычы, будуць вызначаныя паклады гэтага карыснага выкапня.
belapan.by
