У Беларусі будзе створана канструктарскае бюро легкавых аўтамабіляў



Канструктарскае бюро легкавых аўтамабіляў будзе створана ў Беларусі ў першым паўгоддзі 2018 года. Пра гэта паведаміў 20 сакавіка на прэс-брыфінгу ў Менску першы намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі, які цяпер выконвае абавязкі генеральнага дырэктара беларуска-кітайскага СЗАТ „БелДжы”.

„Адна з задач, якія перада мной стаяць,— каб у першым паўгоддзі з’явілася канструктарскае бюро па легкавых аўтамабілях, каб мы маглі паступова назапашваць кампетэнцыі і ў нейкі момант пачаць рабіць самі. Пакуль мы пабудавалі сучасны завод з вельмі сучасным абсталяваннем, але гэты аўтамабіль — гэта распрацоўка нашых калег. Мы ставім задачу атрымаць кампетэнцыі у тым ліку ў галіне распрацоўкі”, — адзначыў Генадзь Свідзерскі.

Першы намеснік міністра прамысловасці звярнуў увагу, што раней у Беларусі вытворчасцю ўласных легкавых аўтамабіляў не займаліся, таму зараз гаворка фактычна ідзе аб стварэнні новага кірунку ў галіне і нейкага рэзкага вытворчага рыўка чакаць не варта.

Урачыстая цырымонія адкрыцця новага завода „БелДжы” і запуск серыйнай вытворчасці аўтамабіляў адбылася 17 лістапада мінулага года з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы тады выказаў меркаванне, што на базе новага завода СЗАТ „БелДжы” неабходна стварыць уласнае канструктарскае бюро.

„Трэба ствараць сваё канструктарскае бюро. Так, зараз нам дапамаглі спецыялісты, якія прыехалі са Швецыі, з іншых краін. Але трэба мець сваіх людзей. На першым этапе трэба 10—13 чалавек мець, якія звяжуцца з нашымі канструктарамі з МАЗа, БелАЗа і будуць паціху назапашваць вопыт, каб мы маглі самі з нуля распрацоўваць дызайн і ствараць аўтамабілі”, — сказаў ён.

З часу свайго запуску ў канцы лістапада мінулага года „БелДжы” ўжо накіраваў у Расейскую Федэрацыю 500 аўтамабіляў Geely, у Беларусі прададзена 303 машыны. У другім квартале плануецца паставіць яшчэ 2,5 тысячы машын у Расею. У Беларусі з улікам праграмы крэдытавання куплі Geely, якая стартавала, іх плануецца рэалізаваць у гэтым годзе не менш дзве тысячы адзінак. Пры гэтым заяўленыя магутнасці вытворчасці складаюць 60 тысяч машын у год, якія ў перспектыве плануецца нарасціць да 120 тысяч.

Беларуска-кітайскае СЗАТ „БелДжы”, якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, створана ў 2011 годзе. Акцыянерамі з’яўляюцца ААТ „БелАЗ” (52,49%), Zhejang Jirun Automobile Co. Ltd. (33,35%), СЗАТ „Саюзаўтатэхналогіі” (6,47%), CITIC International Investment Limited (4,96%), ААТ „БАТЭ” (2,7%).

belapan.by