У Беларусі будзе створаны першы аператар справавой авіяцыі



У межах рэалізацыі інвестыцыйнага дагавора, падпісанага Міністэрствам транспарту і камунікацый з беларускай кампаніяй-інвестарам, у Беларусі будзе створаны першы аператар справавой авіяцыі, які неўзабаве пачне палёты на новых швейцарскіх самалётах.

Як паведаміла БелаПАН прэс-служба аператара, у 2018 годзе ён пачне палёты на ўласным флоце турбавінтавых і рэактыўных самалётаў умяшчальнасцю да 10 месцаў. Акрамя таго, інвестыцыйны дагавор прадугледжвае стварэнне да 2019 года ў нацыянальным аэрапорце Мінск шматфункцыянальнага комплексу — Цэнтра бізнес-авіяцыі (FBO Minsk).

29 жніўня ў Менску беларуская кампанія-інвестар падпіша дамову з адным з найстарэйшых еўрапейскіх вытворцаў Pilatus Aircraft Ltd. (Швейцарыя) на набыццё двух новых паветраных судоў Pilatus PC-12.

Pilatus PC-12 — самы папулярны ў свеце турбавінтавы бізнес-самалёт у сваім класе. Прасторны, камфартабельны пасажырскі салон, высокая грузападымальнасць і добры карга-патэнцыял даюць гэтаму самалёту разнастайныя магчымасці выкарыстання. Далёкасць палёту, што пакрывае ўсю Еўропу, магчымасць эксплуатацыі у тым ліку ў невялікіх аэрапортах і на складаных узлётна-пасадачных палосах невялікай даўжыні, эканамічнасць ў абслугоўванні абумовілі распаўсюджанне гэтай мадэлі: у свеце больш за 1.500 паветраных суднаў з агульным налётам звыш 6 млн гадзін.

Прадстаўнікі завода Pilatus адзначылі: „Мы рады, што першыя самалёты Pilatus, прычым новыя, з’явяцца ў Беларусі, і спадзяемся, што беларускія пасажыры ацэняць сапраўдную швейцарскую якасць іх прадукту. Флот Pilatus ужо ёсць ва Усходняй Еўропе і Расеі. У межах дасягнутых пагадненняў на базе FBO Minsk плануецца стварэнне рэгіянальнага цэнтра сэрвіснага і тэхнічнага абслугоўвання самалётаў Pilatus для Усходняй Еўропы”.

Кампанія Pilatus Aircraft заснаваная ў 1939 годзе ў горадзе Станс (Швейцарыя). У цяперашні час у высокатэхналагічнай вытворчасці, распрацоўцы і дызайне самалётаў Pilatus Group заняты 1.961 чалавек. Вытворчасць Pilatus сертыфікаваная паводле стандартаў EN/AS 9100 і ISO 9001.

У 2016 годзе Pilatus Aircraft паставіў кліентам 91 самалёт PC-12, што на 30% перавышае паказчыкі папярэдняга года. 2016-ты фінансавы год для Pilatus перасягнуў усе чаканні. Агульны аб’ём продажу склаў 821 млн швейцарскіх франкаў, аперацыйны прыбытак — 89 млн швейцарскіх франкаў.

belapan.by