У Беларусі на тры месяцы забаранілі вываз грэчкі, цыбулі і часнаку
Урад на тры месяцы забараніў вываз з Беларусі грэчкі, цыбулі і часнаку.
„Пастановай Савета міністраў ад 31 сакавіка 2020 года № 185 устаноўленая часовая забарона на вываз за межы Рэспублікі Беларусь грэчкі, грэцкай крупы, цыбулі-сеянкі, цыбулі рэпчатай і часнаку незалежна ад краіны іх паходжання, у тым ліку пры змяшчэнні пад мытныя працэдуры экспарту, часовага вывазу, перапрацоўкі па-за мытнай тэрыторыяй і рээкспарту”, — паведамляе ўрад.
Гэтая забарона распаўсюджваецца таксама на тавары, якія змешчаныя пад мытныя працэдуры да ўваходжання ў сілу названай пастановы і фактычны вываз якіх з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з гэтымі мытнымі працэдурамі ажыццяўляецца пасля ўваходжання ў сілу.
Міністэрству замежных спраў даручана інфармаваць Еўразійскую эканамічную камісію аб прынятай забароне, унесці на яе разгляд прапанову аб прымяненні іншымі дзяржавамі — членамі Еўразійскага эканамічнага саюза аналагічных мер.
Асноўныя палажэнні пастановы набываюць моц пасля яе афіцыйнага апублікавання і дзейнічаюць на працягу трох месяцаў.
Раней аналагічнае рашэнне было прынятае Еўразійскай эканамічнай камісіяй для краін — членаў ЕАЭС.