У Беларусі назіраецца нізкі попыт на крэдыты



Крэдытны партфель беларускіх банкаў у першай палове года зніжаўся, сведчаць статзвесткі Нацыянальнага банка.

эканоміка

Так, па стане на 1 ліпеня запазычанасць кліентаў банкаў па рублёвых крэдытах склала 160,5 трлн. рублёў і зменшылася з пачатку года на 0,8%. Запазычанасць кліентаў банкаў па валютных крэдытах на 1 ліпеня склала 11,3 млрд. даляраў і таксама з пачатку года знізілася — на 2,7%.

Прадстаўнікі фінансавага сектара канстатуюць, што падстаў для росту крэдытнага партфеля банкаў за кошт прадпрыемстваў не прадбачыцца. „Добрыя кліенты браць валютныя крэдыты ў шэрагу выпадкаў сёння не хочуць, а кліентам, у плацежаздольнасці якіх упэўненасці няма, банкі не гатовыя выдаваць крэдыты”, — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.

На 1 ліпеня запазычанасць дзяржпрадпрыемстваў па рублёвых крэдытах склала 53,45 трлн. рублёў і знізілася з пачатку года на 4,2%. Па валютных крэдытах запазычанасць дзяржсектара скарацілася за першае паўгоддзе на 1,4% да 6,06 млрд. даляраў на 1 ліпеня.

Запазычанасць па рублёвых крэдытах недзяржаўных арганізацый на 1 ліпеня склала 37,5 трлн. рублёў і павялічылася з пачатку года на 1%, па валютных — знізілася на 5,6% да 4,8 млрд. даляраў.

Запазычанасць насельніцтва па рублёвых крэдытах склала на 1 ліпеня 67,8 трлн. рублёў і з пачатку года практычна не змянілася. Валютныя крэдыты насельніцтву выдаваць банкам з 2009 года забаронена.

Беларускія эканамісты мяркуюць, што на фоне складанага фінансавага становішча прадпрыемстваў доля спажывецкіх крэдытаў у партфелі беларускіх банкаў можа вырасці.

„Фізічныя асобы больш надзейныя пазычальнікі ў вачах банкаў сёння. Узровень закрэдытаванасці насельніцтва ў Беларусі застаецца прыкметна ніжэйшым, чым у іншых краінах. Таму, нягледзячы на змяншэнне рэальных даходаў насельніцтва, магчымасці для нарошчвання спажывецкага крэдытавання захоўваюцца”, — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Крэдытуючы фізічных асоб, дадаў ён, камерцыйныя банкі пазбаўленыя валютнай рызыкі, бо з 2009 года крэдыты насельніцтву ў Беларусі выдаюцца толькі ў рублях. Адпаведна нават у выпадку дэвальвацыі пазыковы цяжар на насельніцтва не ўзрасце, адзначае эксперт.

„Відавочна, якасць банкаўскага партфеля крэдытаў, якія выдаваліся прадпрыемствам, пагоршылася сёлета ў тым ліку з-за рэалізацыі валютнай рызыкі. На гэтым фоне насельніцтва досыць прывабны пазычальнік ў вачах банкаў, і можна чакаць, што доля крэдытаў фізічным асобам у партфелі банкаў будзе расці”, — адзначыў Крук у каментарыі БелаПАН.

belapan.by

[manual_related_posts]