У Беларусі падвышаюцца мінімальныя цэны на моцны алкаголь



Міністэрства гандлю загадам ад 8 жнiўня 2016 г. №26 падвышае гранічныя мінімальныя цэны на алкагольныя напоі крэпасцю звыш 28% і этылавы спірт, якія будуць дзейнічаць з 1 кастрычніка. Адпаведны дакумент апублікаваны 27 жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, перадае БЕЛТА.

Так, лімітавая мінімальная адпускная цана за 0,5 літра беларускага алкаголю мацункам 40% (з коштам спажывецкай тары) складзе Br4,40, рознічная цана – Br5,58. Адпускная цана на імпартныя алкагольныя напоі, што рэалізуюцца на тэрыторыі Беларусі, складзе Br8,80. „На рознічную цану гэта паўплываць не павінна, паколькі фактычна склаліся адпускныя кошты вышэй за мінімальныя”, – пракаментаваў міністр гандлю Уладзімір Калтовіч. Таксама пастановай устаноўлены гранічныя мінімальныя адпускныя кошты на спірт этылавы з харчовай сыравіны, вырабляны і (або) рэалізуемы на тэрыторыі Беларусі.