У Беларусі падвышаны бюджэт пражыткавага мінімуму
Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны (ад 23 кастрычніка № 95) на перыяд з 1 лістапада 2020 года па 31 студзеня 2021 года зацверджаны новыя памеры бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах, паведаміла прэс-служба Мінпрацы.
БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў 258 рублёў 11 капеек, што на 0,8% вышэй у параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў з 1 жніўня па 31 кастрычніка.
Памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах: працаздольнае насельніцтва — 285 рублёў 68 капеек; пенсіянеры — 195 рублёў 15 капеек; студэнты — 248 рублёў 6 капеек; дзеці ва ўзросце да трох гадоў — 165 рублёў 18 капеек; дзеці ва ўзросце ад трох да шасці гадоў — 228 рублёў 85 капеек; дзеці ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў — 278 рублёў 16 капеек.
Як адзначылі ў Мінпрацы, у сувязі са змяненнем БПМ 1 лістапада аўтаматычна пераглядаюцца ўбудаваныя ў сістэму сацыяльнай абароны розныя надбаўкі і павышэнні, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца ад памеру БПМ: памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей; сацыяльныя пенсіі; даплаты пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; дапамогі па доглядзе за інвалідам I групы альбо за асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту; надбаўкі і павышэнні да пенсій, якія прадугледжаны для асобных катэгорый пенсіянераў. Гэтыя выплаты павялічыліся суразмерна росту БПМ — таксама на 0,8%.
