У Беларусі падвышаны памер бюджэту пражытковага мінімуму
1 жніўня ў Беларусі падвышаны бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ).
Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 23 ліпеня № 56 памер БПМ з 1 жніўня па 31 кастрычніка ўсталяваны ў 283 рублі 26 капеек, што на 3,7% больш за нарматыў, які дзейнічаў з 1 мая па 31 ліпеня, паведаміла прэс-служба ведамства.
Памеры БПМ у сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах складуць: працаздольнае насельніцтва — 315 рублёў 4 капейкі (раней — 303 рублі 53 капейкі); пенсіянеры — 214 рублёў 91 капейка (207 рублёў 6 капеек); дзеці да трох гадоў — 178 рублёў 56 капеек (174 рублі 51 капейка); дзеці ад трох да шасці гадоў — 247 рублёў 95 капеек (241 рубель 29 капеек); дзеці ад шасці да 18 гадоў — 303 рублі 79 капеек (294 рублі 36 капеек).
У сувязі са змяненнем БПМ 1 жніўня аўтаматычна перагледжаныя розныя надбаўкі і павышэнні, убудаваныя ў сістэму сацыяльнай абароны, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца ад памеру БПМ: мінімальныя працоўныя пенсіі; сацыяльныя пенсіі; даплаты пенсіянерам 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне; надбаўкі да пенсій і павышэнне пенсiй асобным катэгорыям пенсіянераў; дапамогі для догляду інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту; дзяржаўныя дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Гэтыя выплаты павялічаныя суразмерна росту БПМ — таксама на 3,7%.
1 жніўня спыненае вызначэнне мінімальных пражытковых бюджэтаў (МПБ), а з сацыяльна-дэмаграфічных груп для вызначэння БПМ выключаныя студэнты.
Фота: pravo.by
