У Беларусі плануецца пашырыць выкарыстанне МСФС і спрасціць бухулік
Пералік арганізацый, якія павінны будуць рыхтаваць справаздачнасць па міжнародных стандартах фінансавай справаздачнасці, у Беларусі пашырыцца, а патрабаванні да бухуліку спросцяцца. Гэта прадугледжваюць папраўкі ў дзейны закон аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці.
Палажэнні будучага законапраекта разгледжаны падчас круглага стала, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Савета Рэспублікі, Міністэрства фінансаў, Аўдытарскай палаты і Палаты падатковых кансультантаў.
Як паведамляе Савет Рэспублікі, намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко падчас мерапрыемства адзначыў, што мэта падрыхтаваных паправак — „пашырэнне кола арганізацый, абавязаных складаць фінансавую справаздачнасць у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасці (МСФС), спрашчэнне патрабаванняў да бухгалтарскага ўліку і складання справаздачнасці, легалізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці”.
Нагадаем, раней Міжнародны валютны фонд адзначаў, што беларускія стандарты фінансавай справаздачнасці істотна адрозніваюцца ад міжнародных, і гэта ў шэрагу выпадкаў вядзе да скажэння фінансавай справаздачнасці прадпрыемстваў.
У гэтай сувязі МВФ раіць беларускім уладам пашырыць выкарыстанне МСФС у Беларусі. У прыватнасці, місія Міжнароднага валютнага фонду, якая знаходзілася ў Беларусі ў снежні 2017 года, рэкамендавала Камітэту дзяржкантролю прыняць удзел у працы па ўкараненні ў краіне міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці.
Як растлумачылі БелаПАН аўдытары, стандарты МСФС дзейнічаюць у Беларусі ў якасці тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Яны не замяняюць і не адмяняюць дзейнае нацыянальнае заканадаўства ў галіне бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці, а прымяняюцца паралельна з ім.
У прыватнасці гэтыя стандарты абавязаны прымяняць грамадска значныя арганізацыі пры складанні справаздачнасці згодна з МСФС. Для іншых камерцыйных арганізацый абавязак складаць справаздачнасць у адпаведнасці з МСФС заканадаўча ў Беларусі не ўстаноўлены.
Да грамадска значных арганізацый у Беларусі адносяцца буйныя падаткаплацельшчыкі. Таксама ў Беларусі, згодна з патрабаваннямі Нацбанка, справаздачнасць па міжнародных стандартах фінансавай справаздачнасці (і адначасова па нацыянальных стандартах) абавязаныя рыхтаваць усе банкі.
Плануецца, што з 2023 года камерцыйныя банкі Беларусі абавязаныя будуць рыхтаваць фінансавую справаздачнасць толькі па міжнародных стандартах.