У Беларусі распрацуюць новую рэдакцыю закона аб банкруцтве



У Беларусі плануецца распрацаваць новую рэдакцыю закона аб банкруцтве, паведаміў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой 15 лютага на пашыраным пасяджэнні калегіі міністэрства ў Менску.

Міністр адзначыў, што інструменты фінансавага аздараўлення запатрабаваныя, аднак многія прадпрыемствы позна да іх звяртаюцца. „Адсюль рост колькасці неэфектыўных і бесперспектыўных санацый”, — падкрэсліў Крутой.

У выніку на сёння са 107 санаваных прадпрыемстваў 77 не могуць абслугоўваць нават бягучыя плацяжы, адзначыў кіраўнік Мінэканомікі.

Паводле яго слоў, гэтым выклікана неабходнасць распрацоўкі закона ў новай рэдакцыі. „Прынцып просты: не iдзеш своечасова ў санацыю — можаш адразу трапіць у ліквідацыю. Але праца (над законапраектам.) ідзе няпроста”, — растлумачыў міністр.

Ён адзначыў, што пры падрыхтоўцы нарматыўнага акта актыўна выкарыстоўваецца сусветны вопыт, аднак міністэрства „шукае баланс з улікам нацыянальных інтарэсаў”.

Дзейны закон „Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)” набыў моц у 2012 годзе. У яго двойчы, у 2014 і 2016 гадах, уносіліся змены.

belapan.by