У Беларусі рэальная зарплата ў 2016 зменшылася на 4%



Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рэальная зарплата (з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у снежні 2016 года ў параўнанні са снежнем 2015 года зменшылася на 2,6%, а ў цэлым па выніках мінулага года скарацілася на 4%.

грошы

Зніжэнне рэальнай зарплаты ў гадавым вымярэнні (месяц да месяца) назіраецца ўжо больш за паўтара года. У студзені 2016 года яна скарацілася на 2,6%, у лютым — на 4,6%, сакавіку — на 3,2%, красавіку — на 3,8%, траўні — на 4,6%, чэрвені — на 4,5%, ліпені — на 5,3%, жніўні — на 3,9%, верасні — на 4,1%, кастрычніку — на 5%, лістападзе — на 4,8%.

Раней падзенне рэальнай зарплаты назіралася ў 1995 годзе (на 5% да 1994-га і 2015 года (на 2,3% да 2014-га). Значны рост рэальнай зарплаты адбываўся ў 2001 годзе (на 29,6% у дачыненні да папярэдняга года), 2005-м (20,9%), 2012-м (на 21,5%), 2013-м (на 16,4%).

Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў снежні 2016 года вырасла на 84 рублі і склала 801,6 рубля, або прыкладна 400 даляраў. Разам з тым гэта не адпавядае прагнозу Мінэканомікі, якое чакала рост гэтага паказчыка ў снежні на 14% у дачыненні да снежня 2015 года — да 884,1 рубля.

Паводле звестак Белстата, найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў сярод рэгіёнаў была ў Менску — 1.151,8 рубля, найменшая — у Віцебскай вобласці (669). У Берасцейскай вобласці сярэдняя зарплата склала 702,8 рубля, у Гомельскай — 694,1, Гарадзенскай — 681,4, Менскай — 803,5, Магілёўскай — 666 рублёў.

Самі вялікі заробак па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты: у снежні мінулага года ён склаў 3.502,8 рубля. Самую маленькую зарплату ў снежні мелі сацыяльныя работнікі — 435,3 рубля. Такім чынам, у мінулым месяцы ў IT-спецыялістаў сярэдні заробак быў у восем разоў большы, чым у работнікаў сферы сацыяльных паслуг.

У катэгорыю найбольш высокааплатных уваходзяць: работнікі паветранага транспарту — іх сярэдні заробак у снежні 2016 года склаў 2.140,9 рубля (у тым ліку пасажырскага транспарту — 2.085,3, грузавога — 2.441,7); хімічнай прамысловасці — 1.534,6; горназдабыўнай — 1.277,9; нафтаперапрацоўкі — 1.286,9; фінансісты і страхоўшчыкі — 1.799,6; работнікі тэлекамунікацыйнай галіны — 1.260; архітэктары, бухгалтары і юрысты — 1.272,7; навукоўцы — 1.446,8 рубля.

Нізкая зарплата ў работнікаў бібліятэк, архіваў, музеяў (444,4) і творчых работнікаў (534,6).

Сярэдняя снежаньская зарплата работнікаў транспартнай сферы склала 839,5 рубля, прамысловасці — 879,9, будаўніцтва — 809, рознічнага гандлю — 704,5, аховы здароўя — 623,4, лёгкай прамысловасці — 604,3, адукацыі — 542,7, сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі — 522,2 рубля.

За апошнія месяцы Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра неабходнасць павелічэння зарплаты ў валютным эквіваленце да 500 даляраў, што цяпер адпавядае прыкладна тысячы рублёў. „У 2017 годзе — памерці, але трэба выйсці на 500 даляраў. <…> Я буду рабіць усё для таго, каб мы выйшлі на 500”, — падкрэсліваў ён на прэс-канферэнцыі ў лістападзе мінулага года.

У канцы года пры прызначэнні новых кіраўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта Лукашэнка зноў указаў на зарплатны арыенцір: „500 даляраў у наступным годзе сярэдні заробак. Пры ўсіх складанасцях, чаго б гэта ні каштавала. Украдзіце, адкапайце, знайдзіце — што заўгодна. Але 500 даляраў павінна быць выканана . Ад гэтага мы нікуды не сыдзем. Таму давайце будзем працаваць у інтарэсах людзей, падтрымліваць людзей”.

Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў лічыць, што выканаць даручэнне павысіць сярэднюю зарплату па краіне да 500 даляраў у эквіваленце будзе няпроста. „Галоўнае — арганізаваць сам працэс па рэалізацыі гэтых даручэнняў, не зламаўшы пры гэтым наяўныя макраэканамічныя балансы, якія склаліся ў апошні час, і адначасова выканаць задачу прэзідэнта”, — лічыць кіраўнік урада. Паводле яго слоў, задача няпростая. „Яна ставілася не адзін раз, і ў агульным вырашалася не з той эфектыўнасцю, як хацелася”, — сказаў Кабякоў 30 снежня.

На думку эканамістаў, наяўная сярэдняя зарплата каля 400 даляраў у месяц адлюстроўвае сучасныя магчымасці нацыянальнай эканомікі.

belapan.by