У Беларусі занепадае раслінаводства



У першым паўгоддзі ў Беларусі рэзка знізілася вытворчасць прадукцыі раслінаводства, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.

На 1 ліпеня аб’ём нарыхтаваных кармоў з траў у сельскагаспадарчых арганізацыях склаў 2.151,6 тыс. тон — на 20,5% менш за аналагічны леташні паказчык. Сенажу нарыхтавана 6.819,5 тыс. тон (на 16% менш), сіласу — 2.16,3 тыс. тон (на 24,7% менш), сена — 3.48,9 тыс. тон (на 40,6% менш).

На думку экспертаў, рэзкае скарачэнне вытворчасці прадукцыі раслінаводства абумоўленае затрымкай росту траў, да чаго прывяла позняя вясна. Каментуючы становішча ў раслінаводстве на пасяджэнні ўрада 1 жніўня, прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў прызнаў, што для такой сітуацыі існуюць аб’ектыўныя фактары і звязаныя яны з умовамі надвор’я. „Прычыны зразумелыя і яны ўспрымаюцца, але патрэбныя дадатковыя меры мабілізацыі”, — сказаў Кабякоў, звяртаючыся да членаў урада.

Сёння, 2 жніўня, Аляксандр Лукашэнка правядзе спецыяльную рэспубліканскую селектарную нараду па пытаннях уборкі ўраджаю ў 2017 годзе. „Асаблівая ўвага да цяперашняй уборачнай кампаніі выкліканая тым, што на яе аказваюць ўплыў няўстойлівыя ўмовы надвор’я, — растлумачыла прэс-служба прэзідэнта. — Таму кантроль за правядзеннем палявых работ, вынік якіх ўплывае на стан эканамічнай і харчовай бяспекі дзяржавы, вядзецца на вышэйшым узроўні”.

На нарадзе плануецца „падрабязна абмеркаваць ход уборачнай кампаніі, у тым ліку падыходы па забеспячэнні максімальнай захаванасці ўраджаю, пытанні рэсурснага і тэхнічнага аснашчэння сельгасарганізацый”. Пра стан спраў з уборкай ураджаю кіраўніка дзяржавы праінфармуюць кіраўнікі рэгіёнаў, якія падчас мерапрыемства будуць знаходзіцца на прамой сувязі.

БелаПАН