У Беларусі шукаюць інвестараў для радовішча кварцавых пяскоў



У Беларусі аб’явілі конкурс па перадачы ў канцэсію чатырох аб’ектаў – радовішча кварцавых пяскоў і трох нафтаперспектыўных участкаў. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Конкурсы па выбары інвестара для заключэння канцэсійнага дагавора праводзяцца для радовішча кварцавых пяскоў Гарадное (усходняя частка) у Столінскім раёне Берасцейскай вобласці, а таксама трох нафтаперспектыўных участкаў – Акуліцкая плошча (Нараўлянскі раён Гомельскай вобласці), Пазнякевіцкая плошча (Ельскі раён Гомельскай вобласці) і Паўднёва-Аршанскі нафтаперспектыўны ўчастак (Аршанскі, Дубровенскі раёны Віцебскай вобласці, Горацкі раён Магілёўскай вобласці).

Усяго ў Беларусі для перадачы ў канцэсію ў мэтах прыцягнення інвестыцый у геалагічнае вывучэнне нетраў, распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў прапануецца 15 аб’ектаў.

zviazda.by