У Беларусі ствараюць Асацыяцыю інтэрнэт-гандлю



Гэта папярэдняя назва, кажа аўтар ініцыятывы, стваральнік і кіраўнік буйнейшай інтэрнэт-пляцоўкі Байнэту deal.by Максім Марыніч. Да рэалізацыі ідэі таксама далучыўся найбольш вялікі сэрвіс гандлю харчаваннем e-dostavka, плануецца, што аб’яднанне інтэрнэт-гандляроў з’явіцца ў верасні гэтага года.

Распавядае Максім Марыніч:

– Я думаю, прадстаўленасць рынку будзе дастаткова добрай. То бок, асацыяцыя не будзе абмежавана толькі нейкай інтэрнэт-крамай, або інтэрнэт-пляцоўкай. Будуць усе ўдзельнікі рынку, якія займаюцца і лагістыкай, і інфраструктурай, і плацяжамі. Сегмент павінен быць прадстаўлены максімальна шырока, гэта значыць, і прадукты харчавання, і продаж аўтамабіляў, і продаж кватэр, і якія-небудзь б/у тавары, і лагісты, і складскія аператары. 20-25 чальцоў, я думаю, гэта аптымальны склад.

Каля 30% беларускага электроннага гандлю прыходзіцца на кітайскія онлайн-крамы, але, як лічыць Максім Марыніч, гэты рынак яшчэ не настолькі развіты ў краіне, каб казаць пра жорсткую канкурэнцыю. Толькі 3,5% аб’ему беларускага гандлю адносіцца да куплі анлайн.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота gp.by