У Беларусі ў сярэднім на 10% павялічаныя тарыфы на перавозку грузаў чыгункай



У сярэднім на 10% павялічаныя тарыфы на перавозку грузаў чыгуначным транспартам на падставе пастановы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 21 студзеня № 4.

Як паведаміла прэс-служба МАРГ, за кошт прымененых каэфіцыентаў павышэнне тарыфаў складзе: на перавозкі грузаў, якія ажыццяўляюцца па стратных тарыфах (будаўнічыя і сельскагаспадарчыя грузы, лесаматэрыялы і інш.), у вагоне перавозчыка — у сярэднім 15%, у вагоне грузаадпраўшчыка/грузаатрымальніка — да 20%; на перавозкі высакавартасных грузаў — у сярэднім 7%; на перавозкі парожніх вагонаў і грузаў у кантэйнерах — у сярэднім 10%; на паслугі, звязаныя з арганізацыяй і ажыццяўленнем перавозкі, — у сярэднім 15%; на астатнія віды грузаў — у сярэднім 10%.

У МАРГ удакладнілі, што змена выніковага кошту канкрэтнай перавозкі можа нязначна адрознівацца ў той ці іншы бок ад названых памераў павышэння, бо ён фармуецца зыходзячы з параметраў канкрэтнай перавозкі (адлегласць, маса, загрузка і іншае).

Механізм штогадовай індэксацыі тарыфаў на чыгуначныя перавозкі грузаў вызначаны заканадаўствам. Ён прадугледжвае павышэнне тарыфаў у памерах, якія забяспечваюць перавозчыку выручку, неабходную на пакрыццё выдаткаў, субсідаванне стратных пасажырскіх перавозак і атрыманне мінімальна неабходнага прыбытку на інвестыцыйныя, крэдытныя і іншыя мэты. У 2021 годзе такі разлічаны індэкс павінен быў скласці 1,4 (40%), аднак быў скарэктаваны МАРГ да 1,1 (10%).

У Беларускай чыгункі захоўваецца права прыняцця самастойных рашэнняў аб даванні скідак на перавозкі грузаў зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці.

Прэс-служба звяртае ўвагу, што тарыфы, устаноўленыя пастановай МАРГ № 4, дзейнічаюць толькі ў дачыненні да чыгуначных грузавых перавозак, што ажыццяўляюцца суб’ектамі гаспадарання, і не распаўсюджваюцца на пасажырскія чыгуначныя перавозкі.

Пастанова ўваходзіць у сілу праз 10 дзён пасля яе афіцыйнага апублікавання.

belapan.by