У Беларусі ў вытворчасці знаходзіцца больш за 2.300 спраў аб банкруцтве



Агульная колькасць спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве), што знаходзяцца ў вытворчасці эканамічных судоў, на 1 кастрычніка склала 2.345, паведамляе Вярхоўны суд.

Пры гэтым 2.132 справы (91% ад агульнай колькасці) датычацца арганізацый прыватнай формы ўласнасці.

Акрамя гэтага, паводле дадзеных Вярхоўнага суда, у вытворчасці лічацца 213 спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) арганізацый, «што маюць значэнне для эканомікі і сацыяльнай сферы краіны, да якіх адносяцца дзяржаўныя арганізацыі, арганізацыі, якія маюць долю дзяржаўнай уласнасці ў статутным фондзе, горадаўтваральныя, бюджэтаўтваральныя, сістэмаўтваральныя арганізацыі».

У вытворчасці эканамічнага суда Менска знаходзіцца 36% ад агульнай колькасці спраў аб банкруцтве.

Як паведамлялася, у Беларусі падрыхтаваны праект новай рэдакцыі закона «Аб неплацежаздольнасці і банкруцтве».

Выступаючы ў красавіку гэтага года на пасяджэнні навукова-кансультатыўнага савета па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця ў Савеце Рэспублікі, дырэктар дэпартамента па санацыі і банкруцтве Мінэканомікі Аляксандр Міранічэнка адзначыў, што ў адпаведнасці з законапраектам на антыкрызісных кіраўнікоў плануецца ўскласці большую колькасць функцый.

«Істотна павышаецца роля антыкрызісных кіраўнікоў і крэдытораў у прыняцці рашэнняў, якія цяпер патрабуюць удзелу суда. Плануецца, што каля 33 функцый суд перадае антыкрызісным кіраўнікам. Напрыклад, пачатковы кошт продажу маёмасці, яго зніжэнне, рэалізацыя хуткапсавальных тавараў і гэтак далей», – растлумачыў Міранічэнка.

Паводле яго слоў, законапраект таксама ўводзіць новы крытэр добраахвотнага абвяшчэння неплацежаздольнасці самім прадпрыемствам-даўжніком.

«Сёння для таго, каб распачаць справу, патрабуецца чатыры кварталы не выконваць пэўныя паказчыкі. У адпаведнасці з праектам закона права даўжніка на падачу будзе больш ліберальнае. Разгляд справы аб банкруцтве не будзе залежаць, як цяпер, ад неабходнасці назапашвання неплацежаздольнасці на працягу года», – распавёў Міранічэнка.

БелаПАН