У Беларусі ўпершыню выявілі падробленыя 200-рублёвыя банкноты



У Беларусі па выніках трох кварталаў 2020 года банкаўскімі работнікамі было выяўлена 430 падробленых грашовых знакаў, з якіх 429 падробленыя банкноты і адна падробленая манета. Упершыню былі выяўленыя дзве падробленыя купюры наміналам 200 беларускіх рублёў, паведамляе ў сваім аглядзе Нацыянальны банк.

У параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года агульная колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў зменшылася на 31,1%.

Асноўную колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў склалі даляры ЗША і расейскія рублі — 48,6% і 37,2% адпаведна. Доля падробленых еўра склала 10,2%, беларускіх рублёў — 3,7%, іншых валют (кітайскі юань) — 0,2%.

Зменшылася колькасць падробак кожнай з выяўленых валют: даляраў ЗША на 22%, расейскіх рублёў на 17,5%, еўра на 64,8%, беларускіх рублёў у абсалютным выражэнні на сем штук (30,4%).

У Менску выяўлена 37,7% усіх падробленых грашовых знакаў, у абласцях — у межах 4,9—14,7%. Усяго падробленыя грашовыя знакі былі канфіскаваныя з абароту ў 42 населеных пунктах.

Сярод падробленых долараў ЗША, як і раней, пераважалі банкноты наміналам 100 даляраў — 89,5%, доля банкнот наміналам 50 даляраў склала 6,7%. Выяўлены адзінкавыя выпадкі падробак банкнот наміналам 20, 10 і 5 даляраў.

У справаздачным перыядзе выяўляліся падробленыя банкноты еўрапейскай валюты ўсіх наміналаў, акрамя 200 і 5 еўра. Найбольшая колькасць падробак прыйшлася на банкноты наміналамі 500, 100 і 50 еўра.

„Сярод выяўленых падробак еўра варта адзначыць банкноту неіснуючага наміналу 1.000 еўра, якая ўяўляе сабой частковую падробку. Яна выраблена з сапраўднай банкноты наміналам 1.000 зімбабвійскіх долараў, на якой зменены рэквізіты”, — адзначылі ў Нацбанку.

За дзевяць месяцаў 2020 года выяўлены падробленыя банкноты расійскіх рублёў наміналамі 5.000, 2.000 і 1.000 рублёў і адна — наміналам 200 рублёў. Асноўная доля па-ранейшаму прыпала на банкноты наміналам 5.000 рублёў — 85,6%.

На працягу трох кварталаў 2020 года таксама выяўлены 16 падробленых банкнот беларускіх рублёў узору 2009 года наміналамі 200, 100, 50, 20 і 5 рублёў. Не выяўляліся купюры наміналам 10 рублёў. На долю банкнот наміналам 50 рублёў прыйшлося 50% падробак.

belapan.by