У Беларусі выяўлена 654 радовішчы прэсных і мінеральных вод



У Беларусі выяўлена больш за 650 радовішчаў прэсных і мінеральных вод, паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў – начальнік упраўлення па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алег Мох.

„Усе разведаныя радовішчы падземных вод, і прэсных, і мінеральных, улічваюцца ў спецыяльных балансах. Там жа коратка прыводзіцца характарыстыка ўсіх аб’ектаў. Большасць радовішчаў падрыхтавана да распрацоўкі. На сённяшні дзень у краіне выяўлена і ўлічана 408 радовішчаў прэсных вод і 246 – мінеральных. Гэта каля 15 працэнтаў усіх патэнцыяльных запасаў”, – сказаў Алег Мох.

Усяго эксплуатуецца 262 радовішчы прэсных падземных вод і 136 – мінеральных. Прэсныя воды найбольш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца ў Гомельскай, Магілёўскай і Менскай абласцях, мінеральныя – у Менскай і Віцебскай.

На тэрыторыі Беларусі размешчаны чатыры артэзіянскія басейны: Прыбалтыйскі, Аршанскі, Прыпяцкі і Брэсцкі. „Геалагічная будова нашых нетраў такая, што крышталічны фундамент мае больш або менш аднародныя характарыстыкі, але залягае на розных глыбінях. Спецыфіку артэзіянскіх басейнаў вызначаюць асадкавыя пароды, якія зверху прыкрываюць гэты фундамент. Эканамічна выгадна распрацоўваць крыніцы, размешчаныя бліжэй да паверхні зямлі. Найбольшая разнастайнасць падземных вод назіраецца ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях”, – адзначыў прадстаўнік Мінпрыроды. Паводле яго слоў, падземныя крыніцы пастаянна даследуюцца. Рэгіянальныя пошукі фінансуюцца з бюджэту, а канкрэтныя разведачныя работы праводзяцца па заяўцы патэнцыяльнага інвестара і за яго кошт.

Па колькасці іонаў і мінеральным саставе беларускія воды падраздзяляюцца на некалькі класаў: гідракарбанатныя, сульфатныя, хларыдныя, складанага саставу. У некаторых водах ёсць біялагічна актыўныя кампаненты, якія павышаюць іх каштоўнасць: серавадарод, жалеза, бром, ёд, фтор.

zviazda.by