У Беларусі забаронены продаж энергетычных напояў непаўналетнім



У Беларусі з 8 ліпеня ўведзеная забарона на продаж энергетычных напояў непаўналетнім — ва ўзросце да 18 гадоў, паведаміла прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Забарона ўведзеная пастановай Савета міністраў ад 25 чэрвеня № 363, якой унесеныя змены ў падпункт 33.1 пункта 33 правілаў продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання.

Адзначаецца, што продаж непаўналетнім слабаалкагольных напояў (з аб’ёмнай доляй этылавага спірту не большай за 7%) забароненая з 2004 года.

Артыкулам 9 Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза „Аб бяспецы харчовай прадукцыі” (ТР МС 021/2011), зацверджанага рашэннем камісіі Мытнага саюза ад 9 снежня 2011 года № 880, вызначана, што танізавальныя напоі — гэта безалкагольныя і слабаалкагольныя напоі, якія змяшчаюць танізавальныя рэчывы (кампаненты), у тым ліку расліннага паходжання, у колькасці, дастатковай для забеспячэння танізавальнага эфекту на арганізм чалавека, за выключэннем гарбаты, кавы і напояў на іх аснове.

belapan.by