У Беларусі зацверджаная антыінфляцыйная праграма



Новая антыінфляцыйная праграма зацверджаная сумеснай пастановай Савета міністраў і Нацыянальнага банка № 658/12 ад 12 верасня, паведаміла прэс-служба ўрада.

Праграма прынятая „з мэтай стварэння ўмоў для ўстойлівага эканамічнага росту, развіцця канкурэнцыі і зніжэння інфляцыйных чаканняў”.

Дакумент змяшчае меры, накіраваныя на: ліквідацыю існуючых дыспрапорцый у цэнаўтварэнні і памяншэнне тэмпаў росту адміністрацыйна рэгуляваных цэн і тарыфаў; удасканаленне падатковай палітыкі ў частцы празрыстасці і прадказальнасці на сярэднетэрміновы перыяд; развіццё канкурэнцыі і зніжэнне манапалізацыі эканомікі; зніжэнне інфляцыйных чаканняў і павышэнне даверу да эканамічнай палітыкі дзяржавы.

Акрамя таго, праграма вызначае колькасны сярэднетэрміновай арыенцір па ўзроўні інфляцыі — падтрыманне на ўзроўні 4%. Мяркуецца замацоўваць індыкатыўны паказчык прагнознага ўзроўню базавай інфляцыі на чарговы год у складзе разліковых балансавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.

БелаПАН