У Гародні прайшла рэгіянальная кансультацыя па пытаннях бізнесу



У Гародні ў рамках „Кастрычніцкага эканамічнага форуму KEF 2017” прайшла канферэнцыя «Вяртанне да росту: пошук рашэнняў для рэгіянальнага развіцця»

 На канферэнцыі прадставілі і абмеркавалі з прадстаўнікамі мясцовага бізнесу, акадэмічнай супольнасці і грамадзянскай супольнасці канцэпцыю стратэгіі рэгіянальнага развіцця, падрыхтаваную НДЭІ Міністэрства эканомікі.

Як адзначыў дырэктар даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык дзеля развіцця бізнесу трэба зараз засяродзіцца на рэгіянальных праблемах:

— На нашу думку, задача ў тым, каб спрыяць стварэнню галіновых асацыяцый бізнесу. Яны будуць ведаць канкрэтныя праблемы галіны, ім будзе прасцей займацца лабіраваннем на мясцовым і, магчыма, цэнтральным узроўнях. Таму што проста і банальна гэта людзі, якія ведаюць канкрэтныя, вузкія праблемы. А цяпер трэба вырашаць вузкія праблемы. На ўзроўні дзяржавы маюць вырашацца пытанні, якія проста спросцяць працу бізнесу ў лакальных умовах, бо гэта, нават у часы крызісу, давала станоўчыя эфекты.

На канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі бізнесу, афіцыйныя ўлады, прадстаўнікі некамерцыйных арганізацыі і навуковыя супрацоўнікі.

Чарговая Рэгіянальная кансультацыя адбудзецца ў 24 траўня ў Берасці. Аналагічныя канферэнцыі пройдуць ва ўсіх абласных цэнтрах Рэспублікі Беларусь.

Вынікі рэгіянальных кансультацый будуць выкарыстаны Міністэрствам эканомікі пры падрыхтоўцы дакументаў у сферы рэгіянальнай палітыкі.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара