У Глыбокім пачата будаўніцтва лясной біяфабрыкі



Пачата будаўніцтва сучаснага комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай (біяфабрыка) на базе Глыбоцкага доследнага лясгаса, паведаміла прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі.

Кошт праекта ацэньваецца прыкладна ў 5 млн долараў. Грошы ўзятыя са сродкаў, выдзеленых Міністэрству лясной гаспадаркі Сусветным банкам у рамках рэалізацыі праекта „Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь”.

У новым комплексе будуць створаны ўмовы для выканання ўсяго цыкла тэхналагічных аперацый, пачынаючы з перадпасяўной апрацоўкі касет і заканчваючы захоўваннем гатовых сеянцаў у халадзільных камерах. Цэнтр будзе складацца з сямі цяпліц і васьмі палёў дагадоўвання, абсталяваных сістэмай штангавага паліву, лініі высеву.

Як адзначыла прэс-служба, такія цэнтры ўжо паспяхова функцыянуюць у такіх краінах, як Фінляндыя, Швецыя. На працягу трох гадоў яны з’явяцца ва ўсіх абласцях Беларусі.

Даючы старт пачатку будаўніцтва комплексу ў Глыбокім, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік адзначыў, што такія цэнтры дазволяць забяспечыць запас пасадачнага матэрыялу ў краіне. У апошнія гады наша рэспубліка сутыкнулася з прыроднымі катаклізмамі, і гэта пытанне стала асабліва актуальным.

Пры гэтым Кулік падкрэсліў, што спецыялісты надалі вялікую ўвагу выбару месцаў для будаўніцтва аб’ектаў. Гаворачы аб Глыбоцкім доследным лясгасе, першы намеснік міністра адзначыў, што „тут ёсць і выдатныя кадры, і выдатная база для стварэння цэнтра”. Спецыялісты разлічваюць, што гэты комплекс зможа забяспечыць пасадачным матэрыялам з закрытай каранёвай сістэмай не толькі Глыбоцкі раён, але і палову Віцебскай вобласці. Завяршыць узвядзенне аб’екта тут плануюць у красавіку 2018 года.

Як паведамляў БелаПАН, 13 верасня міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч заявіў, што Сусветны банк гатовы дадаткова выдзеліць 14 млн долараў на фінансаванне праекта мадэрнізацыі лясной галіны Беларусі.

„Раней выдзеленыя 40,7 млн долараў мы асвоілі на 67%. На працягу наступнага года мы цалкам асвоім гэтыя фінансавыя сродкі. Нам не хапае каля 14 млн долараў на будаўніцтва трох лесанасенных цэнтраў. Частка грошай нам яшчэ неабходная на закупку шматаперацыйнай тэхнікі малога класа для высечак догляду”, — адзначыў міністр.

Паводле яго слоў, перамовы з Сусветным банкам працягваюцца. Амельяновіч паведаміў, што ў лютым наступнага года адбудзецца сход заснавальнікаў Сусветнага банка, дзе будзе прынята канчатковае рашэнне наконт дадатковага траншу для Міністэрства лясной гаспадаркі.

У 2017-2018 гадах плануецца пабудаваць шэсць цэнтраў (па адным у кожнай вобласці). Цэнтры, або біяфабрыкі, будуць створаны ў Івацэвіцкім, Глыбоцкім доследным, Рэчыцкім доследным, Шчучынскім, Магілёўскім лясгасах і на базе Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра.

„Ужо распачата будаўніцтва і ідзе поўным ходам у Івацэвіцкім лясгасе. У верасні пачынаецца будаўніцтва ў Глыбоцкім доследным лясгасе, і ў кастрычніку пачнем будаўніцтва на базе Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра ў вёсцы Шчомысліца. У другой палове наступнага года мы пачнем будаўніцтва яшчэ трох цэнтраў”, — сказаў Амельяновіч.

belapan.by