У Гомелі з прадпрымальнікаў лупяць тры скуры



Гомельскі прадпрымальнік Міхаіл Латышаў распавядае пра гаротнае становішча прадстаўнікоў малога бізнесу.

Міхаіл Латышаў: Мы з братам з’яўляемся ўладальнікамі гандлёвых павільёнаў на рынку «Давыдаўскі». Калі ў 2010 годзе там змянілася кіраўніцтва, неверагодна пачалі расці кошты аплаты за гандлёвыя месцы. Адзін раз на 50 адсоткаў, наступны раз — зноў на столькі ж… Працаваць даводзілася без прыбытку, нават у «мінус». Мы звярнуліся да гаспадароў рынка: «Чаму вы так робіце? На якіх падставах?» У 2013 годзе нам далі адказ у стылі: «А хто вы такія, каб мы вам нешта тлумачылі?» Маўляў, многія адмовіліся ад сваіх подпісаў пад зваротам. Замест таго, каб нам прадставіць калькуляцыю, даслалі абсалютна не той адказ, якога чакалі. Мы ж канкрэтна ставілі пытанне :дайце калькуляцыю сабекошту абслугоўвання працоўнага месца на рынку.

 РР: З таго часу нешта змянілася?

 Міхаіл Латышаў: Гандлёвы паток на рынку зменшыўся дзесьці ў 7 разоў. Людзі самі стаяць на рынку, каб не плаціць гандлярам. Прыбытку і так няма. Калі плаціць гандляру ды бухгалтару, дык наогул пойдзе твой бізнес на вецер. Вось, напрыклад, у нас з братам два павільёны ў 24 кв.м. — 7 мільёнаў з нечым трэба заплаціць толькі за так званае абслугоўванне месца. Адзін месяц я не працаваў, але ж гэты падатак усё роўна бралі. Пытанне: за што? За электраэнергію яшчэ 4 мільёны заплаці, потым адлічы ў фонд сацыяльнай абароны, пенсійны фонд… Вось і закладвай адразу ў выдаткі каля 15 мільёнаў. А пакупнікоў няма, круціся, як хочаш. Дык, як выжываць? У арэнду можна было б павільёны здаваць, ды ніхто не хоча нават бясплатна іх браць. Купляць таксама не хочуць. Але ж нават, калі не працуеш, плаціць трэба. У такіх умовах нельга працаваць.

РР: І што думаеце рабіць далей?

Міхаіл Латышаў: Я шукаю, хто б мне дапамог разабрацца ў гэтай сітуацыі. Чаму адміністрацыя рынка лупіць з нас тры скуры? Адно слова — дабіваюць…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя