У „Гродна Азота” новы генеральны дырэктар



Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Ігара Бобыра генеральным дырэктарам ААТ «Гродна Азот», паведамляе БелТА.   Лукашэнка 14 верасня разгледзеў кадравыя пытанні.

Новым генеральным дырэктарам ААТ «Гродна Азот» стаў намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Ігар Бобыр.

Калі месца генеральнага дырэктара гарадзенскага прамысловага гіганта стала вакантным – невядома, таму што на сайце ў інфармацыі аб адміністрацыі ААТ «Гродна Азот» усё яшчэ значыцца прозвішча папярэдняга дырэктара – Канстанціна Маянава.

Ігар Бобыр нарадзіўся 13 кастрычніка 1964 года ў Ноўгарад-Северскім Чарнігаўскай вобласці ў сям’і рабочых. У 1989 годзе скончыў тэхналагічны факультэт Кіеўскага політэхнічнага інстытута. У перыяд вучобы ў інстытуце праходзіў службу ва Узброеных Сілах СССР у ГДР.

Пасля заканчэння інстытута атрымаў накіраванне на Гарадзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» (цяпер – філіял «Завод Хімвалакно» ААТ «Гродна Азот»), дзе ў розныя гады працаваў інжынерам, інжынерам-канструктарам, вядучым інжынерам, намеснікам галоўнага механіка, начальнікам аддзела, начальнікам камерцыйнага кіравання, намеснікам дырэктара па камерцыйных і эканамічных пытаннях.

З 2012 года і па кастрычнік 2014 года працаваў намеснікам генеральнага дырэктара ААТ «Гродна Азот» – дырэктарам вытворча-тэхналагічнага комплексу «Хімвалакно».

З кастрычніка 2014 года – намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім». Абраны дэпутатам Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання (па Занёманскай выбарчай акрузе № 14).

tut.by

Фота: belchemoil.by