У Івацэвічах пачала працу мэблевая фабрыка, адкрытая нямецкім інвестарам



У Івацэвічах (Берасцейская вобласць) пачала працу мэблевая фабрыка, адкрытая нямецкім інвестарам, паведаміла прэс-служба канцэрна „Беллеспаперапрам”.

Нямецкая кампанія „Паліпол Прадукцыёнс Фервальтунгс ГмбХ” раней падпісала інвестыцыйны дагавор з Беларуссю ў асобе канцэрна аб стварэнні новай вытворчасці мяккай мэблі.

У планах кампаніі будаўніцтва фабрыкі з аб’ёмам вытворчасці да 2020 года 8,5 тыс. канап і да 2027 года — каля 27 тысяч адзінак мяккай мэблі. Чакаецца, што фабрыка размесціцца на тэрыторыі 50 тыс. кв. метраў і працаваць на ёй будзе не менш за 1,2 тыс. чалавек. Агульны аб’ём інвестыцый ацэньваецца ў 20 млн еўра.

„Мэта праекта — развіццё апрацоўчай прамысловасці як прыярытэтнага віду дзейнасці для ажыццяўлення інвестыцый і аб’яднанне магчымасцяў па вытворчасці мэблі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пашырэнне рынкаў збыту”, — адзначылі ў прэс-службе.

На арандаванай плошчы ў ААТ „Івацэвічдрэў” кампанія адкрыла першы цэх па вытворчасці канап. Ужо выпушчаны першыя ўзоры прадукцыі. Мэблю вырабляюць беларускія спецыялісты, якія прайшлі спецыяльнае навучанне на заводах „Паліпол Прадукцыёнс Фервальтунгс ГмбХ” у Польшчы. Да сакавіка 2019 года плануецца выпусціць каля 1 тысячы канап.

Вырабленая мэбля будзе пастаўляцца на еўрапейскі рынак.

belapan.by