У кампаніі hoster.by разблакавалі рахункі



У кампаніі hoster.by разблакавалі рахункі, гаворыцца ў відэазвароце, размешчаным у тэлеграм-канале кампаніі.

„Мы спяшаемся паведаміць добрыя навіны: з кампаніі знятыя абмежаванні па разліках. Гэта значыць, што мы ўжо распачалі аплачваць нашыя даўгі і адтэрміноўкі: за абсталяванне, ліцэнзіі, офіс і, нарэшце, па заработнай плаце. Праўда, за затрымку заработнай платы нам цяпер пагражае штраф”, — адзначаецца ў звароце.

Кампанія выказвае падзяку ўсім, хто ўвесь гэты час быў побач, падтрымліваў, уваходзіў у становішча, замаўляў новыя паслугі і пачынаў новыя праекты. „З вашым удзелам мы перажылі 52 дні блакады і не выпусцілі ні адзін сервер. Гэтыя 52 дні паказалі, што ў нас лепшыя кліенты, партнёры і супрацоўнікі”, — адзначае hoster.by.

Дрэннай навіной названае тое, што радасць ад разблакавання рахункаў нельга падзяліць з генеральным дырэктарам. „Сяргей Павалішаў усё яшчэ не з намі, але ён перадаваў просьбу, каб яму не прыйшлося за нас чырванець. І мы абяцалі працягваць рабіць лепшы ў краіне хостынг, нягледзячы ні на што”, — гаворыцца ў звароце.

За мінулыя 52 дня кампанія, паводле яе інфармацыі, абнавіла абсталяванне ў дата-цэнтры, устанавіла новыя маршрутызатары, пабудавала магутную сістэму абароненага хостынгу, на якім можна размяшчаць персанальныя дадзеныя і плацежныя сістэмы. Кампанія таксама завяла свой тэлеграм-канал.

18 мая прайшлі масавыя затрыманні супрацоўнікаў tut.by, а таксама прадстаўнікоў вядомых праектаў, звязаных з парталам. Пасля вобшуку ў офісе hoster.by супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю звезлі з працоўнага месца гендырэктара кампаніі Сяргея Павалішава. Пасля яго затрымалі. Рахункі кампаніі заблакавалі.

Hoster.by — правайдар воблачных рашэнняў і хостынгу, які абслугоўвае больш за 60% усіх беларускіх сайтаў.

belapan.by