У красавіку скараціліся тэрміновыя валютныя і рублёвыя дэпазіты



У красавіку ў банкаўскай сістэме прадоўжылася скарачэнне тэрміновых валютных укладаў насельніцтва, а таксама назіралася невялікае зніжэнне тэрміновых рублёвых дэпазітаў, сведчаць статдадзеныя Нацыянальнага банка.

На 1 мая тэрміновыя валютныя дэпазіты склалі 4,37 млрд даляраў і знізіліся за красавік на 1,5%, або на 68,5 млн даляраў. Тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва на 1 траўня склалі 4,66 млрд рублёў і знізіліся за красавік на 0,5%, або на 22,6 млн рублёў.

З пачатку года тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва скараціліся на 5,8%, або на 269,2 млн даляраў. У той жа час тэрміновыя рублёвыя ўклады павялічыліся на 123,1 млн рублёў, або на 2,7%.

Паводле звестак камерцыйных банкаў, насельніцтва ў 2021 годзе цікавіцца ў асноўным кароткатэрміновымі рублёвымі дэпазітамі. „Насельніцтва гатовае трымаць банкаўскія дэпазіты ў рублях на кароткія тэрміны — да трох месяцаў. Рабочыя стаўкі (па якіх рэальна прыцягнуць сродкі насельніцтва) — ад 17%”, — паведаміў БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.

У той жа час, адзначаюць прадстаўнікі банкаўскага сектара, стаўкі па валютных дэпазітах застаюцца на нізкім узроўні (1,25% гадавых у выпадку размяшчэння дэпазіту на тэрмін да года і 2,3% гадавых — па валютных дэпазітах на тэрмін звыш года).

Нізкія працэнтныя стаўкі па валютных дэпазітах, значэнне якіх устаноўленае камерцыйнымі банкамі з улікам рэкамендацый Нацбанка, не матывуюць насельніцтва павялічваць валютныя ўклады ў банкаўскай сістэме, паведамілі БелаПАН прадстаўнікі банкаўскага сектара.

На думку назіральнікаў, павялічыць валютныя дэпазіты насельніцтва ў банкаўскай сістэме будзе цяжка не толькі па прычыне нізкай даходнасці такіх укладаў, але і з-за палітычнага крызісу.

„Каб замежная валюта ў банкаўскую сістэму вярнулася, трэба ўрэгуляваць палітычны крызіс. Гэта дазволіла б павысіць давер насельніцтва да банкаўскай сістэмы. Без кардынальнага паляпшэння палітычнай сітуацыі ў краіне казаць аб поўным вяртанні валютных дэпазітаў, якія пакінулі банкаўскую сістэму ў мінулым годзе, не даводзіцца”, — адзначыў у каментары БелаПАН фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

У 2020 годзе на фоне ўзніклага палітычнага крызісу ў Беларусі тэрміновыя валютныя дэпазіты ў банкаўскай сістэме скараціліся на чвэрць, тэрміновыя рублёвыя ўклады фізічных асоб — больш чым на 10%.

belapan.by