Беларусы пачалі забіраць грошы з банкаў



У ліпені ў банкаўскай сістэме назіраўся адток тэрміновых рублёвых і валютных укладаў насельніцтва, сведчаць статыстычныя дадзеныя Нацбанка.

Паводле звестак рэгулятара, на 1 жніўня тэрміновыя рублёвыя дэпазіты ў банкаўскай сістэме склалі 4,92 млрд рублёў і скараціліся за ліпень на 108,1 млн рублёў, з пачатку года — на 207,3 млн рублёў.

Аб’ём тэрміновых валютных дэпазітаў фізічных асоб на 1 жніўня склаў 5,56 млрд долараў і скараціўся за ліпень на 72,8 млн долараў, з пачатку года — на 653,5 млн долараў.

Такім чынам, з пачатку года тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва скараціліся на 4%, тэрміновыя валютныя — на 10,5%.

Нацыянальны банк на гэтым тыдні ўстрымаўся ад далейшага зніжэння стаўкі рэфінансавання і патлумачыў сваё рашэнне ўзмацненнем дэвальвацыйных чаканняў на валютным і дэпазітным рынках.

„Узмацненне дэвальвацыйных чаканняў эканамічных агентаў і бягучая сітуацыя на валютным і дэпазітным рынках не дазваляюць зрабіць гэта (забяспечыць змякчэнне манетарнай палітыкі. — БелаПАН.) сёння. Для падтрымання фінансавай стабільнасці важна захаваць схільнасць да зберажэнняў у нацыянальнай валюце”, — заявіў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, выступаючы 12 жніўня на прэс-брыфінгу.

Як паведамлялася, паводле дадзеных Нацбанка, насельніцтва ў ліпені ў параўнанні з другім кварталам бягучага года істотна павялічыла попыт на замежную валюту.

У ліпені жыхары Беларусі набылі ў наяўнай і безнаяўнай форме замежнай валюты на 947,4 млн долараў, што істотна больш за паказчык папярэдніх месяцаў (у чэрвені купля склала 776,6 млн долараў, у траўні — 627 млн, красавіку — 613,9 млн).

Прадалі фізічныя асобы замежнай валюты ў ліпені на 731,7 млн долараў (супраць 698,9 млн долараў у чэрвені, 569,1 млн — у траўні і 544,4 млн — у красавіку).

Такім чынам, у ліпені беларусы купілі замежнай валюты на 215,6 млн долараў больш, чым прадалі. Чысты попыт на замежную валюту з боку насельніцтва ў ліпені апынуўся самым высокім у параўнанні з паказчыкамі другога квартала (у чэрвені чыстая купля замежнай валюты фізічнымі асобамі склала 77,7 млн долараў, у траўні — 58,8 млн, красавіку — 69,5 млн).

Рост попыту на замежную валюту ў Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе традыцыйна назіраецца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

belapan.by