У Магілёве дольнікі западозрылі забудоўшчыка ў незаконным узбагачэнні



Паўсотні членаў магілёўскага таварыства ўласнікаў „Наш Спадарожнік” лічаць, што забудоўшчык — камунальнае ўнітарнае даччынае прадпрыемства „Упраўленне капітальным будаўніцтвам горада Магілёва” (УКБ) — незаконна прысвоіў прыблізна 25,5 тыс. рублёў дольнікаў.

Таварыства „Наш Спадарожнік” аб’ядноўвае дольнікаў шматкватэрнага дома № 28, фактычны адрас якога: вуліца Якубоўскага, 62, у мікрараёне Спадарожнік. У пачатку сакавіка прыкладна 50 з іх звярнуліся да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай і галоўнага інспектара па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўранкова з просьбай правесці праверку і даць прававую ацэнку дзеянням УКБ. У звароце дольнікі сцвярджаюць, што пры будаўніцтве іх дома было недабудавана 25,44 кв. м, якія тым не менш аплачаныя дольнікамі з сярэдняга разліку 1.000 рублёў за квадратны метр.

„За недабудаваныя квадраты людзям павінны вяртацца грошы, калі ў праекце адбываецца патанненне”, — заявіў БелаПАН старшыня таварыства дольнікаў Станіслаў Труханенка, адзначыўшы, што гэтага вяртання не адбываецца.

Паводле слоў Труханенкі, нягледзячы на замацаваны ў дагаворы будаўніцтва абавязак забудоўшчыка ўзгадняць змены з дольнікамі, гэтага не робіцца. „Па факце ніхто не ўзгадняе, і ўсе работы, якія могуць паўплываць на патанненне, ідуць адвольна без згоды дольнікаў”, — заявіў старшыня. Ён адзначыў, што УКБ адмовілася рэгістраваць прапанаванае дольнікамі дадатковае пагадненне да дагавора.

Як сказаў Труханенка, у доме да гэтага часу адсутнічае электрычнасць, хоць афіцыйна ён уведзены ў эксплуатацыю яшчэ 31 студзеня. „Дом ўвялі з масай парушэнняў і адсутнасцю ўсёй неабходнай дакументацыі для ўводу. Камісія, адказная за ўвод, на гэта чамусьці заплюшчыла вочы”, — адзначыў старшыня таварыства. Паводле яго слоў, усе неабходныя дакументы для рэгістрацыі жылля забудоўшчык выдаў дольнікам толькі 9 сакавіка, тым самым парушыўшы устаноўленыя законам тэрміны гэтай працэдуры.

Акрамя таго, старшыня прадэманстраваў два акты прыёмкі дома з аднолькавым нумарам і падпісаныя адной і той жа камісіяй, аднак з розным пералікам выкананых работ. „Забудоўшчыкам быў перароблены акт уводу дома ў эксплуатацыю заднім днём ад 31.01.2017 г. для ўтойвання сваёй самаўпраўнасці. Гэта значыць, забудоўшчык ажыццявіў падробку дакументаў. Першапачатковы асобнік і перароблены ў мяне ў наяўнасці і будзе пададзены па факце праверкі”, — гаворыцца ў паведамленні Труханенкі, накіраваным ўжо ў КДК.

„Ёсць органы, якія разбяруцца, калі такія факты былі”, — заявіў БелаПАН начальнік аддзела будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Дудараў, чый подпіс фігуруе ў абодвух актах прыёмкі. У сваю чаргу дырэктар КУДП „Упраўленне капітальным будаўніцтвам горада Магілёва” Андрэй Маскалёў адмовіўся ад каментараў.

Пракуратура Магілёва накіравала ў Ленінскі РАУС зварот грамадзян для праверкі інфармацыі.

belapan.by