У Маладэчанскім раёне мантуюць ветрагенератары



Каля вёсак Клачкова і Трэскі Маладэчанскага раёна мантуюць ветрагенератары. Энергію, якую яны будуць выпрацоўваць, уключаць у агульную сетку.

«Зялёная» энергетыка развіваецца ў зоне абслугоўвання філіяла «Слуцкія электрычныя сеткі», паведамляе РУП «Мінскэнерга».

Цяпер ва ўсіх адміністрацыйных раёнах, якія абслугоўваюцца філіялам, ужо працуюць ветраэнергетычныя ўстаноўкі. Усяго іх пакуль пяць. Але ў бліжэйшы час паблізу в. Клачкова і в. Трэскі Маладэчанскага раёна плануецца завяршыць мантаж яшчэ дзвюх ветраўстановак.

Ветраўстаноўка каля в. Трэскі. Фота «Мінскэнерга»

Як распавёў kraj.by выконваючы абавязкі галоўнага інжынера Маладэчанскіх электрасетак Дзмітрый Цэгалка, энергію, якую будуць выпрацоўваць новыя ветраэнергетычныя ўстаноўкі ў Маладэчне, плануецца ўключыць у агульную сетку.

Ветраўстаноўка каля в. Клачкова. Фота «Мінскэнерга»

Па інфармацыі «Мінскэнерга», у 2000 годзе Мядзельскі раён стаў першым, дзе была выкарыстаная энергія ветру. Ветрагенератары былі ўсталяваныя паблізу в. Занарач. Далей на дадзенай пляцоўцы дадаткова былі пабудаваныя яшчэ дзве ўстаноўкі ў 2002 і 2013 гадах. У 2015 годзе ў Вілейскім раёне ўводзяцца ў эксплуатацыю ветраўстаноўкі паблізу в. Макарычы і ў Валожынскі раёне, паблізу вёскі Аўгустова.

«Развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі актуальна сёння ва ўсім свеце. Будаўніцтва ветраэнергетычных установак – адзін з кірункаў падвышэння энергетычнай бяспекі Рэспублікі Беларусь за кошт выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі», – піша «Мінскэнерга».

kraj.by