У Маскве за 6 дзён купілі беларускай прадукцыі на Br1 млн



На кірмашах „Менск – масквічам”, якія прайшлі ў расейскай сталіцы на дзвюх пляцоўках у час Дзён Менска ў Маскве, прададзена беларускіх тавараў на Br1 млн, паведаміў сёння на аператыўнай нарадзе ў мэрыі старшыня камітэта эканомікі Менгарвыканкама Мікалай Рагашчук.

Так, на плошчы Рэвалюцыі 10-15 кастрычніка ў 67 драўляных шале, выдзеленых урадам Масквы, свае тавары прадставілі прадпрыемствы лёгкай, харчовай прамысловасці, грамадскага харчавання, рамеснікі.

Наведвальнікі маглі купіць мясную, малочную прадукцыю, каўбасныя, кандытарскія вырабы, мёд, варэнне, джэмы, чай, а таксама бліжэй азнаёміцца з прадукцыяй такіх прадпрыемстваў, як „Мінскхлебпрам”, „Камунарка”, „Белрыба”, „Мінская агароднінная фабрыка”, „Беліта-Вітэкс”, Менскі гадзіннікавы завод „Луч”.

КУП „ГЦ Радзівілаўскі”, КСУП „Бізнес-цэнтр „Сталіца”, ААТ „Менскі камбінат хлебапрадуктаў” частавалі стравамі беларускай нацыянальнай кухні. Мінскія ўнівермагі ГУМ і „Беларусь” прапаноўвалі сувенірную прадукцыю, галантарэйныя і парфумерна-касметычныя тавары. Народныя ўмельцы прывезлі каваныя і керамічныя, ільняныя, скураныя вырабы, плеценыя прадметы з лазы і саломкі.

У гэтыя ж дні кірмашовыя мерапрыемствы былі арганізаваны на вул. Прафсаюзнай, 41 каля станцыі метро „Новыя Чаромушкі”, дзе прадукцыю прадставілі „Серж-Фэшн”, „Галантэя”, „Надэкс”, „Луч”, „Марко”, „Камунарка”. Адначасова выстаўка-продаж тавараў беларускіх вытворцаў прайшла на тэрыторыі ВДНГ.

Паміж Беларуссю і Масквой рэалізуецца план праграмных мерапрыемстваў па развіцці гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага, гуманітарна-культурнага і сацыяльнага супрацоўніцтва на 2016-2018 гады.

belta.by